Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто паедзе ад Беларусі на «Оскар»? Камітэт прыняў канчатковае рашэньне


Сцэна з фільму «Крышталь», рэжысэр Дар’я Жук

Фільм рэжысэркі Дар’і Жук «Крышталь» будзе прадстаўляць Беларусь на «Оскары». Гэта канчатковае рашэньне беларускага оскараўскага камітэту, паведаміў Tut.by старшыня камітэту Ігар Поршнеў.

«Паглядзеўшы абодва фільмы, оскараўскі камітэт прыняў рашэньне аб тым, што Беларусь на «Оскары» будзе прадстаўляць фільм «Крышталь», — сказаў Ігар Поршнеў.

У пачатку ліпеня стала вядома, што Беларусь упершыню за 20 гадоў зьбіраецца вылучыць стужку на «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы замежны фільм».

Пасьля гэтай навіны ў Беларусі быў створаны оскараўскі камітэт. Сьпярша гаворка ішла толькі пра адну карціну — фільм «Крышталь» беларускай рэжысэркі Дар’і Жук, аднак пазьней стала вядома, што камітэту падалі для прагляду яшчэ адну карціну — «Сабака руды» кінапрадусара Сяргея Ждановіча.

У складзе беларускага оскараўскага камітэту на сёньня сем чалавек: дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімер Карачэўскі, маркетоляг кінастудыі «Беларусьфільм» Юры Ігруша, праграмны дырэктар ММКФ «Лістапад» Ігар Сукманаў, рэжысэр-дакумэнталіст Віктар Асьлюк, дырэктар кінатэатру «Піянэр» Сьвятлана Саўчык, прадусар Валеры Дзьмітрачэнка і мастацкі кіраўнік студыі «Беларусьфільм» Ігар Поршнеў.

«Оскараўскі камітэт» ў Беларусі існуе з 1990-х гадоў. Ад Беларусі ў Амэрыканскую кінаакадэмію адпраўлялі два фільмы: ў 1994 годзе беларуска-французскі «Я — Іван, ты — Абрам» рэжысэра Іяланды Зобэрман, а ў 1996-м — расейска-беларуска-нямецкі фільм Дзьмітрыя Астрахана «З пекла ў пекла». Паводле правілаў Оскара, калі краіна на працягу пяці гадоў не падае фільмы, «оскараўскі камітэт» аўтаматычна перастае існаваць. Беларусь не падавала нічога на Оскар апошнія 15 гадоў, аднак пасьля заяўкі Дар’і Жук і падачы неабходных дакумэнтаў амэрыканская кінаакадэмія зноўку зарэгістравала беларускі оскараўскі камітэт.

«Крышталь» Дар’і Жук

Здымкі фільму «Крышталь» беларускай рэжысэркі Дар’і Жук адбываліся ў Беларусі, у вытворчасьці фільму ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Летась стужка атрымала узнагароду ў сэкцыі Works in Progress на Талінскім міжнародным кінафэстывалі.

Галоўная гераіня фільму Эвэліна (Вэля) жыве ў Менску, але марыць зьехаць у ЗША, каб працаваць дыджэем. Каб атрымаць візу, ёй даводзіцца паехаць у невялікае мястэчка і прасіць дапамогі ў сям’і Сьцяпана, які нядаўна вярнуўся з войска і ў якога празь некалькі дзён мае адбыцца вясельле. У ланцужку падзеяў сьмешнае зьвязана з сумным і часам брутальным.

Фільм «Крышталь» атрымаў гран-пры кінафэстывалю ў Алматы​, гран-пры Адэскага міжнароднага кінафестывалю, а таксама галоўны прыз конкурсу «Капрадукцыя. Акно ў сьвет» расейскага кінафэстывалю «Акно ў Эўропу», які праходзіў у Выбаргу.

Рэжысэрка Дар’я Жук нарадзілася ў Менску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардзкі і Калюмбійскі ўнівэрсытэты, працавала на канале HBO, зьняла некалькі кароткамэтражных фільмаў. Адзін зь іх, «Сапраўдная амэрыканка», быў адзначаны дыплёмам Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» у 2015 годзе.

Сярод кароткамэтражных фільмаў Дар’і Жук — «Тое, што цябе не заб’е», «Зьесьці турыста», «Паветра ўнутры», тэлевізійны пілёт сыткому «Філфак».

«Сабака руды»

Расейска-беларуска-амэрыканскі фільм «Сабака руды» здымалі ўкраінскія рэжысэры Ўільям Дэ Віталь, які таксама працаваў над фільмам «Мы, браты», і Аляксандар Басаеў, які раней здымаў некалькі тэлесэрыялаў і расейскі фільм «Патэнт». Галоўную ролю выконвае расейскі актор Міхаіл Жыгалаў (бандыт Судар з сэрыялу «Петровка, 38»).

Кінапрадусар Сяргей Ждановіч сьцьвярджае, што «фільм зьняты беларускімі кінэматаграфістамі і прадусарамі, у карціне здымаліся беларускія акторы», а здымкі праходзілі «ў тым ліку на Лініі Сталіна».

Паводле зьвестак расейскага «Кинопоиска», бюджэт склаў 1,2 млн даляраў, прэм’ера прайшла ў сьнежні 2016 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG