Суд над двума вайскоўцамі з роты, у якой служыў радавы Аляксандр Коржыч, пачнецца ў Менску 1 кастрычніка. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнага суду Беларусі.
Менскі абласны суд 1 кастрычніка ў выязным судовым пасяджэньні ў будынку суду Менскага раёну пачне разгляд па крымінальнай справе ў дачыненьні да двух вайскоўцаў — Артура Вірбала і Паўла Сукавенкі. Іх абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных ч. ч.1 і 2 арт.455 КК (Злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады альбо бязьдзейнасьць улады).
Артур Вірбал быў старшыной, а Павел Сукавенка — камандзірам роты, у якой у 72-м АНЦ ў Печах служыў Аляксандар Коржыч.
Абвінавачаныя па справе аб гібелі Коржыча сяржанты Яўген Бараноўскі і Антон Вяжэвіч (ч.1,2 арт.430, ч.3 арт.455 КК), а таксама малодшы сяржант Ягор Скуратовіч у дадзеным выпадку маюць статус пацярпелых. Вірбал і Сукавенка, у сваю чаргу, у жніўні давалі сьведчаньні ў справе Коржыча.