Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Быкаў падтрымлівае Пазьняка і выступае супраць памяркоўнасьці


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Міхаіл Качан (Беларуская рэспубліканская арганізацыя вэтэранаў вайны і працы): Второй съезд партии коммунистов Беларуси сделал обращение к 12-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь. Позвольте огласить это обращение. «Обращение второго съезда ПКБ — Партии коммунистов Беларуси — (объединенного) к 12-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь. Второй съезд Партии коммунистов Беларуси (объединенный) обращает внимание народных депутатов Республики Беларусь на необходимость неотложного рассмотрения вопроса о недопустимости введения свободных цен на продовольствие и товары первой необходимости. Сегодня еще не поздно, по нашему мнению, предотвратить не до конца продуманный шаг, который может привести к социальному взрыву с непредсказуемыми последствиями. Ясно осознавая связь цен с общим состоянием экономики, мы призываем Верховный Совет принять конкретные меры по восстановлению нормальных экономических связей с республиками и регионами бывшего Союза ССР. В противном случае обвальный спад производства, бешеные темпы инфляции, тотальное обнищание большинства населения, стремительный рост безработицы приведут к национальной катастрофе. Делегаты съезда убеждены, что единственный путь избежать этого — через заключение экономического, оборонного и других союзов и соглашений, возродить союзное государство и тем самым выполнить волю народа, выраженную на референдуме 17 марта 1991 года».

Перада мной — тры старонкі машынапісу памерам у палову стандартнага аркуша, ужо пажоўклыя, з праўкамі ад рукі розным чарнілам, што азначае — аўтар некалькі разоў вяртаўся да тэксту. Гэта — выступ Быкава на III зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту, які Васіль Уладзімеравіч аддаў мне ў той дзень. Наколькі мне вядома, ён публікаваўся толькі некалькімі фрагмэнтамі.

Прамова Васіля Быкава на III зьезьдзе БНФ. Архіў С. Навумчыка
Прамова Васіля Быкава на III зьезьдзе БНФ. Архіў С. Навумчыка

Між тым, гэта была канцэптуальная прамова, якая ня толькі зафіксавала становішча, у якім знаходзілася беларускае грамадзтва і сам Народны Фронт, але і адказала на найбольш важныя пытаньні ў нацыянальным руху. Я б сказаў нават — шмат у чым вызначыла стратэгію гэтага руху на бліжэйшыя гады.

Перад зьездам Зянон Пазьняк пайшоў да дырэктара Купалаўскага тэатру Івана Вашкевіча, зь якім яны разам (хоць і на розных курсах) вучыліся на акторскім факультэце Тэатральна-мастацкага інстытуту, і папрасіў залю. Вашкевіч пагадзіўся. Ну, а мастацкае аздабленьне ўжо зрабіў аргкамітэт зьезду.

30 траўня было цёпла, я нават не апранаў пінжак — так і праводзіў потым прэсавую канфэрэнцыю ў кашулі. Праўда, пры гальштуку: усё ж падзея вельмі важная.

Газэта "Знамя юности" пра III з'езд БНФ. На здымку - Вітаўтас Ландсбергіс і Васіль Быкаў, ззаду - Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк.
Газэта "Знамя юности" пра III з'езд БНФ. На здымку - Вітаўтас Ландсбергіс і Васіль Быкаў, ззаду - Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк.

Асаблівасьць моманту ўсьведамлялі і іншыя дэлегаты, большасьць зь якіх прыехала ў Менск з рэгіёнаў. Апрануліся па-сьвяточнаму. 567 дэлегатаў запоўнілі залю і бальконы.

«Вялікі, шматзначны, амаль сакральны сэнс бачыцца ў тым, што наш III зьезд БНФ сабраўся цяпер у гэтым знакамітым будынку, — пачаў свой выступ Быкаў. — Для самага першага, як вядома, не знайшлося месца на Беларусі, другі адбываўся на краі гораду, затое трэці — у доме, зь якім традыцыйна зьвязана надта многа ў нашай гісторыі і нашай культуры. І тое пра шмат што гаворыць. Найперш пра тое, што наша барацьба ня скончана, што яна ў самай пільніцы, што ворагі нацыі і дзяржавы — побач, што яны ўсё яшчэ не пераможаныя. Хоць і далёка ня ў той моцы-сіле, у якой былі нядаўна, калі хмарным восеньскім днём у Чырвоным касьцёле жменька беларускіх інтэлігентаў стварала аргкамітэт БНФ. З таго часу мінула багата падзей — горкіх і шчасьлівых, рутынных і трагічных. Нацыя каторы раз атрымала надзею, памкнулася ўстаць з каленяў — да бога і волі, да лепшага людзкага жыцьця. Пуцяводнай зоркай тае надзеі, безумоўна, стаў яе прызнаны палітычны авангард, змагар за шчасьце і волю, наш БНФ».

Прыгадваючы пасяджэньне ў Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка 1988 году, калі былі створаныя «Мартыралёг Беларусі» і Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне», Быкаў назваў БНФ палітычным авангардам нацыі. Ён неаднаразова казаў пра неабходнасьць аб’яднаньня дэмакратычных сілаў вакол Фронту — хоць адначасна выказваў шкадаваньне, што разьяднанасьць у прыродзе дэмакратаў, у адрозьненьне ад прыхільнікаў імпэрскай ідэі, якія здольныя аб’ядноўвацца імгненна нягледзячы на рознагалосьсі.

Старшыня БЗВ Мікола Статкевіч выступае на III зьезьдзе БНФ. Фота Ул. Кармілкіна
Старшыня БЗВ Мікола Статкевіч выступае на III зьезьдзе БНФ. Фота Ул. Кармілкіна

Не было атмасфэры паразы

Фронт сапраўды быў самай масавай дэмакратычнай арганізацыяй, і нягледзячы на параўнаўча невялікую гісторыю — пяць гадоў — меў у сваім актыве нямала перамог, сярод якіх галоўная — здабыцьцё незалежнасьці. Канешне, гэта было дасягненьнем не аднаго БНФ — незалежнасьць была мэтай некалькіх пакаленьняў нацыянальна арыентаваных беларусаў, якія рыхтавалі глебу для палітычнага рашэньня, дый самому гэтаму рашэньню паспрыялі абставіны, як і зьнешнія, гэтак і ўнутраныя.

Але менавіта БНФ своечасова вылучыў дасягненьне незалежнасьці як галоўную палітычную мэту, здолеў акумуляваць сілы і скарыстаць гістарычны момант.

У залі III зьезду БНФ. Фота Ул. Кармілкіна
У залі III зьезду БНФ. Фота Ул. Кармілкіна

Звычайна калі гавораць пра дзейнасьць Народнага Фронту, найчасьцей прыгадваюць дэпутатаў. Але Фронт ня быў бы дэмакратычным авангардам, ня меў бы такой масавасьці бяз працы такіх кіраўнікоў і актывістаў, як Юрась Хадыка, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Валянцін Асташынскі, Валянціна Трыгубовіч, Вера Чуйко, Валер Буйвал, Уладзімер Анцулевіч, Генадзь Банкевіч, Вячаслаў Сіўчык — бяз іх немагчыма ўявіць сабе БНФ у пачатку дзевяностых.

Меў БНФ і паразы, найбольшая прыпадала на папярэдні год, калі ініцыятыва рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах была нерэалізаваная зь віны пракамуністычнай большасьці ў Вярхоўным Савеце.

Тое сапраўды была першая вялікая параза БНФ, і праз дваццаць пяць гадоў, прыгадваючы гэты зьезд у Купалаўскім тэатры, я не магу знайсьці адназначнага адказу на пытаньне, чаму ў залі не было атмасфэры паразы.

Такі настрой быў бы зусім лягічны, бо, па сутнасьці, кіраўніцтва Фронту паставіла на рэфэрэндум усё, ускладала на яго вялікія спадзяваньні, верыла ў тое, што ён адбудзецца, разьлічвала наступныя дзеяньні, сыходзячы з будучых датэрміновых парлямэнцкіх выбараў — і, калі шчыра, ня мела варыянту на выпадак, калі б рэфэрэндум не прызначылі. Проста не ўяўлялася, што парлямэнт можа парушыць закон. А ён — парушыў.

Канешне, былі заявы пра нелегітымнасьць Вярхоўнага Савету, былі звароты да міжнароднай супольнасьці, але гэта ўжо ня мела практычнага палітычнага значэньня: дэпутаты БНФ былі вымушаныя надалей працаваць у гэтым Вярхоўным Савеце, выкарыстоўваючы ўсе магчымасьці на карысьць нацыянальнага Адраджэньня, адцягваючы наступ аўтакратыі. Напэўна, вось гэтае разуменьне, што няма ніякага іншага выйсьця, як працягваць барацьбу, і было прычынай адсутнасьці апатыі ў дэлегатаў: настрой быў баявы.

«Маўчалі, трывалі, а што з гэтага маем?»

«Нацыя і воля — вось вечная праблема і калізія, ці можа што быць важнейшае за іх? Ворагі — так, ворагаў у нас заўсёды хапала, не паменела іх і зараз, — казаў Быкаў. — Цяпер, калі шмат што праясьнілася на палітычным небасхіле сьвету, яны апынуліся навідавоку, мы ўбачылі іх і зьведалі ці ня лепей за саміх сябе. Хоць яны і не перастаюць дзівіць нас сваёй д’ябальскай здольнасьцю да пераўвасабленьня, камуфляжу, маскіроўкі зла пад дабро. Тут іхнія фантазіі сапраўды бязьмежныя, і мы іх пазнаём хіба па адной нязьменнай прыкмеце — яны чужынцы нацыі. Усё нацыянальна беларускае — для іх варожае, а ўсё агіднае, варожае для нацыі — іхняе. Іхні сьвяшчэнны кумір — улада, якою яны цяпер з тактычных меркаваньняў змушаны дзяліцца. Але не назаўжды — да іншых часін. І калі нам кажуць: трэба болей цярпімасьці, памяркоўнасьці, трэба менш радыкалізму і рыгарызму, бо важней за ўсё паступовасьць, нацыянальная згода — мы ведаем: гэта гавораць яны ці іхнія адвакаты. Нават і тады, калі гавораць па-беларуску. Увесь наш гістарычны вопыт пярэчыць супраць іх д’ябальскай лёгікі. Надта доўга мы былі і цярпімыя, і абачлівыя, памяркоўныя і талерантныя — прыніжаныя і зьняважаныя былі на працягу апошніх стагодзьдзяў, баяліся пакрыўдзіць іншых, стараліся іншы раз прамаўчаць, стрываць. І маўчалі, трывалі, а што з гэтага маем? Дажыліся да таго, што ня стала як жыць!»

Вось гэтая апошняя фраза, якая праз гады ўспрымаецца як мэтафара, у тыя дні мела канкрэтны сэнс.

Жыць сапраўды было цяжка, палавінчатасьць эканамічных рэформаў, якія праводзіў урад Кебіча, адсутнасьць уласнай грашовай адзінкі спараджалі вялікую інфляцыю. Не былі выключэньнем і тыя, хто знаходзіўся ў залі.

Ня быў выключэньнем і сам Быкаў— час ад часу мы дапамагалі яму. І бэнзіну для свайго аўтамабіля Быкаў меў роўна столькі, колькі і мы — 20 літраў на месяц. І пры гэтым Васіль Уладзімеравіч ніколі не наракаў на тое, што вось раней ён жыў заможна, атрымоўваў добрыя ганарары, мог нешта прыдбаць за гэтыя грошы — а з крахам камуністычнай сыстэмы ўсё абрынулася.

Падобнае я аднойчы чуў ад аднаго народнага пісьменьніка — ён паскардзіўся, што быў вымушаны прадаць кніжную сэрыю («Бібліятэка сусьветнай літаратуры», 200 тамоў найлепшых твораў клясыкаў, у савецкія часы — страшны дэфіцыт, так званая «всемирка», валоданьне якой было сымбалем далучанасьці да інтэлектуалаў). Калі я пачаў выказваць спачуваньне, што разумею значнасьць і маштаб страты, ён сказаў: «Ну я прадаў тое, што было на дачы. Дома ў мяне яшчэ адна «всемирка» засталася». Нічога такога нельга было сабе ўявіць з вуснаў Быкава.

Супрацьпастаўленьнем памяркоўнасьці і радыкалізму на карысьць апошняга Быкаў вызначыў стратэгію Народнага Фронту на бліжэйшыя гады як жорсткага супрацьстаяньня з тагачаснай уладай, з камуністычнай намэнклятурай.

«Законы гісторыі няўмольныя»

«Так, цяпер можна з упэўненасьцю сказаць, што менавіта БНФ напрыканцы ХХ стагодзьдзя абудзіў нацыю, даў ёй надзею, — працягваў Быкаў. — Так ці інакш прычыніўся да стварэньня іншых дэмакратычных партыяў і плыняў, стаў у авангардзе парлямэнцкай і масавай барацьбы за дзяржаўнасьць і нацыянальнае адраджэньне, і калі не перамог канчаткова, дык у тым адлюстравалася не заганнасьць ягоных мэтадаў, а найбольш — грандыёзнасьць задачы. Але БНФ і не ўяўляў яе меншай, тая задача сапраўды нечувана грандыёзная, і як цяпер відаць, па сіле хіба не аднаму пакаленьню нацыянальна-сьведамых беларусаў. Як і ў ранейшыя часы найважнейшым робіцца рутынная праца ў народзе дзеля абуджэньня ягонай жа нацыянальнай сьвядомасьці, перакананьня яго ў яго ж нацыянальнай годнасьці, у вартасьці ягонай гісторыі, культуры, мовы. Можа самае страшнае — нацыя апынулася перад пагрозай страты сваёй пасіянарнасьці і задача яе авангарду — адвесьці тую пагрозу. Усё тое куды як няпроста і зойме пэўны гістарычны час. Але тое, відаць, наканавана, цераз яго не пераступіць, законы гісторыі няўмольныя».

Канешне, нам хацелася верыць, што гэты «пэўны гістарычны час» будзе ня вельмі працяглым, ва ўсялякім разе, не на дзесяцігодзьдзі — бо вось у залі сядзіць госьць зь Вільні, лідэр «Саюдзісу» Вітаўтас Ландсбергіс, у Літве ўжо дэмакратыя, а чым мы горшыя за суседзяў?

«Як бы там ні было, БНФ не павінен меншыць імпэт, заспакойвацца на дасягнутым. Тым больш траціць веру ў перамогу дабра і справядлівасьці пры часовых няўдачах. Няўдач і перамог яшчэ будзе нямала. Але ў нас ёсьць гарант — найперш гэта незваротная хада гісторыі, прагрэсу і чалавечнасьці. Нас павінна натхняць сьвятасьць нашае мэты, зарука дасягненьня якой — народная воля, выпрабаванае, узбагачанае вопытам кіраўніцтва БНФ. А таксама ягоны лідэр, які ў шматлікіх варунках барацьбы засьведчыў сваю надзвычайную вартасьць. Можна з упэўненасьцю сказаць, што нацыі пашчасьціла на яе лідэра, якім зьяўляецца пасланы нам Богам Зянон Станіслававіч Пазьняк. Дык з Богам у душы — сьвятымі помысламі ў сэрцах — за праўду, дарагія спадары і спадарыні. Паможа нам Бог. Жыве Беларусь!», — завяршыў свой выступ Васіль Быкаў.

Дэпутат Менскага гарсавету Галіна Вашчанка і Васіль Быкаў у часе
Дэпутат Менскага гарсавету Галіна Вашчанка і Васіль Быкаў у часе

«Пошук ворагаў не паспрыяе уплыву Фронту»

Прамова Быкава была сустрэтая аплядысмэнтамі, але камэнтатары аспрэчылі некаторыя яе палажэньні, як і даклад самога лідэра БНФ ды выступы дэлегатаў.

«Матывы пошуку ворагаў, адмаўленьня ад кампрамісаў і прынцыпаў згоды, узьвялічваньня асобы Пазьняка (на зьезьдзе даходзіла да публічнага прызнаньня ў асабістай любові і адданасьці да Зянона Станіслававіча) — усё гэта, па-мойму, ня будзе спрыяць таму, каб уплыў Фронту пашырыўся, — пісаў аглядальнік «Звязды» Валянцін Жданко. — Наадварот, многіх гэта насьцярожыць і адштурхне ад ідэй — увогуле, дэмакратычных і патрыятычных — якія адстойвае гэты рух. Зянон Пазьняк у сваім дакладзе прывёў вельмі аптымістычныя лічбы папулярнасьці Фронту. Па ягоных зьвестках, ідэі БНФ падтрымліваюць 32–35 працэнтаў гараджанаў і 20–22 працэнты вяскоўцаў. На мой погляд, гэтыя лічбы наўрад ці адлюстроўваюць рэальную раскладку сілаў. Тым больш, што цяпер БНФ перажывае зусім ня час свайго росквіту».

Тым ня менш аглядальнік «Звязды» прызнаў: «Выбары кіраўніцтва паказалі, што Пазьняк застаецца бясспрэчным лідэрам Фронту. Падтрымка, аднак, не была аднагалоснай. Супраць Пазьняка (як, дарэчы, і Быкава, што стала нечаканасьцю) — выказаліся сем дэлегатаў».

Падаючы лічбы падтрымкі БНФ, Пазьняк абапіраўся на вынікі зробленага на замову кіраўніцтва Фронту дасьледаваньня; трэба прызнаць, што іншыя дасьледчыкі прыводзілі сапраўды менш аптымістычныя лічбы. Аднак Пазьняк казаў не пра гатовасьць галасаваць за БНФ, а пра падтрымку ідэяў руху, і тут, як мне падаецца, ён меў рацыю: значная частка людзей была за дэмакратычныя перамены, што і пакажуць прэзыдэнцкія выбары 1994 году, калі нават паводле афіцыйных дадзеных, Пазьняк і Шушкевіч разам набяруць чвэрць галасоў. Ідэі нацыянальнага адраджэньня сапраўды падтрымала значная частка насельніцтва, але ня большасьць, якой і не хапіла для перамогі.

«Не прыярытэт, а парытэт»

Была яшчэ адна тэма, якая выклікала крытыку назіральнікаў.

Зянон Пазьняк сказаў на зьезьдзе, што БНФ прытрымліваецца «прынцыпу парытэтных правоў чалавека, грамадзтва і дзяржавы». Гэты прынцып быў агучаны Пазьняком яшчэ на Сойме БНФ, які адбыўся ў сакавіку, але тады пытаньне ставілася як прапанова для абмеркаваньня. «Да чаго прывяло ўвасабленьне канцэпцыі чалавека ў Эўропе? — пытаўся лідэр БНФ. — Яно прывяло да абароненасьці яго правоў, да дабрабыту, да раскрыцьця ягоных здольнасьцяў, да росквіту эўрапейскай цывілізацыі, яно прывяло да міру, у рэшце рэшт. Гэта станоўчыя вынікі. Але ёсьць і нэгатыўныя зьявы. Эўрапейская канцэпцыя чалавека ставіць правы чалавека вышэй за сувэрэнітэт».

Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк, фота Ул. Кармілкіна
Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк, фота Ул. Кармілкіна

Прывёўшы прыклады, калі сацыяльныя праграмы для імігрантаў нэгатыўна адбіваліся на становішчы карэнных жыхароў, Пазьняк заявіў, што «з аднаго боку, гаворыцца аб правох чалавека, аб іх прыярытэце, а з другога боку — праводзіцца палітыка на прыгнятаньне сваёй уласнай нацыі ды на стварэньне сацыяльна невыгодных умоваў для карэннага насельніцтва, для стварэньня сацыяльных супярэчнасьцяў… На поўначы Бэльгіі летась гэты канфлікт выявіўся такім чынам: 38 адсоткаў флямандцаў на выбарах падтрымалі фашысцкую партыю. Гэта аснова для ўзьнікненьня фашызму ў Эўропе. Зьдзіўляе, што шмат якія палітыкі гэтага не заўважаюць. Менавіта на гэтым паразытуе Лё Пэн, на гэтым вырастаюць новыя фашысцкія партыі. Вось вам прыклад, як прыярытэт правоў чалавека перад сувэрэнітэтам аказаўся, наадварот, зацісканьнем правоў чалавека і фактычна паставіў пад пагрозу сувэрэнітэт… Нам належыць прапанаваць сваю канцэпцыю. Відаць, у дадзеным выпадку нельга гаварыць пра прыярытэт ці сувэрэнітэту, ці правоў чалавека. Бо сувэрэнітэт — як правы ўсяго народу — гэта таксама правы чалавека! Відаць, варта прызнаць не прыярытэт, а парытэт, роўнасьць гэтых правоў».

Зьезд падтрымаў прапанаваную Пазьняком канцэпцыю, сыходзячы ня столькі з эўрапейскіх прыкладаў, колькі з імкненьня не дапусьціць наступу на нацыянальныя каштоўнасьці пад прыкрыцьцём роўных правоў для прадстаўнікоў усіх нацыянальнасьцяў. Роўнасьць гэтая пад сумнеў ня ставілася, гаворка ішла пра імкненьні ўвесьці дзяржаўнае двухмоўе, што, на думку актывістаў БНФ, адразу б паставіла мову карэннай нацыі ў прыніжанае становішча.

Вось як гэта зафіксаваў аглядальнік газэты «Знамя юности» Алег Грузьдзіловіч:

«БНФ, як сказана ў праграме, выступае за Свабоду, Незалежнасьць і Адраджэньне. Галоўнай мэтай руху абвяшчаецца свабодны чалавек у адроджанай незалежнай Беларусі. Усяляк адстойваюцца правы чалавека, аднак не на шкоду правам нацыі: Фронт за адзіную дзяржаўную мову — беларускую, пры роўных умовах разьвіцьця культуры для нацыянальных мяншыняў».

У цытаванай публікацыі рашэньне не камэнтавалася, аднак адразу пасьля зьезду канцэпцыя парытэту правоў асобы і правоў нацыі выклікала крытыку з боку дэмакратычных лідэраў лібэральнай арыентацыі, якая не сьціхала даволі працяглы час.

БНФ стварае партыю

III зьезд БНФ заявіў пра стварэньне Партыі БНФ, на той момант — своеасаблівы «юрыдычны парасон», бо існавала верагоднасьць, што грамадзкія арганізацыі (а менавіта ў такім выглядзе быў зарэгістраваны БНФ) ня будуць дапушчаныя да ўдзелу ў выбарах. Было заяўлена, што Фронт настойвае на рэалізацыі правоў больш як 440 тысяч грамадзянаў, якія ў 1992 годзе выказаліся за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах, і што новая Канстытуцыя павінна прымацца толькі новым дэмакратычным парлямэнтам. У праграмных палажэньнях дэлегаты пацьвердзілі права прыватнай уласнасьці на зямлю, нэўтралітэт і бязьядзернасьць Беларусі.

Адносна бязьядзернасьці на зьезьдзе было зробленае істотнае ўдакладненьне. Дэлегаты нагадалі, што Беларусь на працягу дзесяцігодзьдзяў несла рызыку захоўваньня на сваёй тэрыторыі ядзернага арсэналу, і гэта дае права беларускаму народу паставіць перад сусьветнай супольнасьцю пытаньне пра матэрыяльную і палітычную кампэнсацыю. Якой, як вядома, ніколі не было.

Галоўным вынікам зьезду, аднак, мне ўяўлялася рашучасьць актывістаў БНФ змагацца за ўмацаваньне незалежнасьці Беларусі — насуперак камуністам, якія ў той самы дзень таксама правялі свой зьезд.

Гасьцямі зьезду БНФ былі лідэр Народнага Руху Ўкраіны Вячаслаў Чарнавол і старшыня літоўскай партыі «Саюз Айчыны» Вітаўтас Ландсбергіс. На перамовах з Пазьняком яны абмеркавалі ідэю стварэньня Балта-Чарнаморскай садружнасьці і пацьвердзілі намер склікаць канфэрэнцыю ў справе нафтавага калектару (яна адбудзецца ў сярэдзіне ліпеня ў Менску). Разам зь імі, а таксама з Васілём Быкавым, мы правялі прэсавую канфэрэнцыю.

Ну а потым, калі госьці разьехаліся, у фае тэатру накрылі сталы (памятаю, як цягалі іх з Валянцінам Голубевым). Я сядзеў разам з Рыгорам Барадуліным і Васілём Быкавым — узялі па чарцы: мы з Васілём Уладзімеравічам гарэлкі, а Рыгор Іванавіч — мінэралкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG