Журналіст Сяргей Канеў, які працаваў у «Цэнтры кіраваньня расьсьледаваньнямі», быў вымушаны хутка зьехаць з Расеі, даведаўшыся, што яго зьбіраюцца абвінаваціць у спробе высьветліць маршрут руху картэжу Пуціна.
Пра гэта паведамляе выданьне «Праект» са спасылкай на ўласныя крыніцы — у тым ліку і ў асяродзьдзі расейскага апазыцыйнага палітыка Міхаіла Хадаркоўскага, які фінансаваў Цэнтар.
Сяргей Канеў таксама ўдзельнічаў у расьсьледаваньні The Insider і Bellingcat, аўтары якога атрымалі дадзеныя пра Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Іх брытанскія ўлады абвінавачваюць у атручваньні Скрыпалёў у Солсбэры. На гэтым тыдні Канеў распавёў журналістам, што чакае крымінальнага перасьледу паводле артыкулу аб разгалошваньні дзяржаўнай таямніцы з-за ўдзелу ў гэтым расьсьледаваньні.
Раней Міхаіл Хадаркоўскі казаў, што што супраць аднаго зь ягоных супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў расьсьледаваньні, рыхтавалася правакацыя з абвінавачваньнем у падрыхтоўцы тэракту супраць Пуціна.
Сам Канеў паведаміў у інтэрвію РБК, што знаходзіцца ў адпачынку ў адной з балтыйскіх краінаў, «а там бачна будзе». «Там цэлая куча маіх расьсьледаваньняў, якія выклікалі злосьць пэўных высокапастаўленых асобаў», — сказаў Канеў.