Магілёўская міліцыя паведаміла аб затрыманьні 27 верасьня трох мясцовых падлеткаў, якія 24-га зьбеглі з псыхіятрычнай лякарні, дзе былі на абсьледаваньні, разьбіўшы шыбы на першым паверсе.
Выявілася, што пасьля ўцёкаў яны сагналі тры машыны: адну «Волгу» і двое «жыгулёў». Дзьве машыны зламаліся, падлеткі кінулі іх на суседніх вуліцах. На трэцяй, «жыгулях», яны накіраваліся ў Амсьціслаў. Там іх і затрымалі.
Што пагражае падлеткам за згон машынаў, не паведамляецца (адказнасьць за згон транспартнага сродку наступае з 14 гадоў, ім усім ужо больш, за паўторны згон машыны паводле ч. 2 арт. 214 КК пагражае абмежаваньне волі ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 2 да 6 гадоў).
Усе тры хлопцы вучацца ў сярэднеспэцыяльных навучальных установах Магілёўскай вобласьці. Міліцыя называе іх «схільнымі да ўхіленьня ад навучаньня, учыненьня злачынстваў і бадзяжніцтва».