Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці на продаж


Прадаваць і набываць дзяцей у Беларусі нельга, але калі вельмі хочацца і ёсьць адпаведныя дыягназы, дык можна. Як бы ні стараліся заканадаўцы і профільныя агенцтвы запэўніць сябе і навакольных у тым, што сурагатнае мацярынства — гэта нешта высокадухоўнае і амаль сакральнае, за ўсімі размовамі пра «дапамогу ў спазнаньні шчасьця мацярынства» хаваецца непрыемная праўда: людзі прадаюць і набываюць дзяцей, эксплюатуючы пры гэтым чужыя целы.

Розныя краіны па-рознаму ставяцца да сурагатнага мацярынства: у Францыі, Аўстрыі, Нарвэгіі, Швэцыі і Нямеччыне яно забаронена, у Даніі, Канадзе і Нідэрляндах сурагатнай маці можна стаць толькі бясплатна. У Грузіі, Украіне і Расеі выношваньне генэтычна чужых дзяцей і продаж пасьля нараджэньня дазволены. У Беларусі так рабіць таксама можна, але набываць дзяцей могуць толькі тыя жанчыны, якія ня могуць самастойна зацяжарыць, вынасіць і нарадзіць дзіця праз праблемы са здароўем.

Шмат якім людзям важна гадаваць біялягічна сваіх дзяцей, і было б дзіўна кагосьці асуджаць за такое жаданьне. Але як далёка можна пайсьці ў барацьбе за «працяг роду»? Рэлігійныя дзеячы выступаюць супраць дапаможных рэпрадукцыйных тэхналёгіяў, бо бачаць у іх жаданьне людзей «гуляць у Бога». Мяне не засмучае гэты аспэкт, і існаваньню экстракарпаральнага апладненьня як такога я вельмі рада: навука разьвіваецца і дае нам шмат новых магчымасьцяў. Але паміж донарствам спэрмы і яйцаклетак і сурагатным мацярынствам ёсьць прынцыповая розьніца: падпісваючы дамову аб сурагатным мацярынстве, людзі практычна набываюць іншага чалавека мінімум на 9 месяцаў.

Генэтычныя бацькі дыктуюць, што сурагатная маці можа і ня можа піць і есьці, які яна мусіць весьці лад жыцьця (у дамове могуць прапісаць нават поўную забарону займацца сэксам). Прыхільніцы і прыхільнікі такой рэпрадукцыйнай тэхналёгіі часта кажуць, што сурагатнае мацярынства — гэта проста праца. Такая самая праца, як і ўсе астатнія: жанчына аказвае паслугу і потым атрымлівае за яе грошы. Але ці ведаеце вы іншыя працы, для допуску да якіх у Беларусі жанчына мусіць атрымаць пісьмовы дазвол мужа? Або працы, зь якіх у выпадку непрадбачаных сямейных сытуацыяў нельга было б сысьці?

Сурагатнае мацярынства можна параўнаць з продажам органаў, рабскай працай, уцягваньнем у прастытуцыю і іншымі формамі продажу людзей, але ніяк не са звычайнай працай. Дзяржава забараняе людзям прадаваць органы, забараняе прадаваць біялягічна родных дзяцей, забараняе прадаваць жанчын у бардэлі, забараняе здымаць дзяцей у порна і плаціць ім за гэтыя здымкі. Апісаныя вышэй дзеяньні лічацца неэтычнымі і нават крымінальнымі, і вельмі мала каму прыйдзе да галавы апраўдаць ці патлумачыць іх аргумэнтам «затое ў людзей ёсьць магчымасьць палепшыць фінансавае становішча».

Але як толькі прымешваецца «радасьць генэтычнага мацярынства і бацькоўства», дык продаж дзяцей становіцца дазволеным і сацыяльна прымальным дзеяньнем.

Псыхоляг агенцтва, якое працуе ў сфэры сурагатнага мацярынства, кажа, што ў сурагатныя маці ідуць жанчыны, чые мужы не спраўляюцца з тым, каб зарабляць грошы для сям’і. Я нават уяўляю сабе гэтыя сямейныя дыялёгі:

— Нешта ў нас зусім не хапае грошай. Трэба, напэўна, пашукаць іншую працу ці хоць бы нейкую падпрацоўку.

— Ды навошта, мілы? Давай здамо мяне ў арэнду на 9 месяцаў!

Мне праўда шкада тых жанчын, якія хочуць мець дзяцей, але ня могуць зацяжарыць, вынасіць і нарадзіць безь вялікай рызыкі для жыцьця. Сьвет несправядлівы, і гэта кепска. Але браць у арэнду чужое цела і набываць сваё дзіця — гэта вельмі сумнеўнае рашэньне.

Парлямэнтарыі ў восеньскай сэсіі будуць пераглядаць узроставыя абмежаваньні для сурагатных маці, донарак яйцаклетак і донараў спэрмы. Пытаньне пра забарону сурагатнага мацярынства нават не стаіць, і вельмі дарма.

Але нічога асабістага, як кажуць. Толькі бізнэс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG