Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка прыйшла ў суд з сабакам; жывёліну не пусьцілі, жанчыну аштрафавалі


Вольга Маёрава прыйшла ў суд са сваім сабакам Баем

Валянтэрку Вольгу Маёраву пакаралі за збор подпісаў на вуліцы ў абарону жывёлаў, які прызналі масавай акцыяй.

Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў аўтарку ініцыятывы «Мы з табой у адным доме» Вольгу Маёраву штрафам у 490 беларускіх рублёў.

Актывістку пакаралі за збор подпісаў пад пэтыцыяй у абарону бадзяжных жывёлаў. У суд Вольга Маёрава прыйшла са сваім сабакам Баем, у якога няма адной лапы.

Актывістка казала на працэсе, што на лёсе гэтага сабакі хоча даказаць суду, у якім бяспраўным становішчы знаходзяцца бадзяжныя сабакі ў Беларусі і што дзяржава ня робіць усё належнае, каб забясьпечыць правы жывёлаў.

Ахова Цэнтральнага суду забараніла прайсьці ў будынак з гадаванцам. Судзьдзя Вікторыя Шабуня, якая разглядала матэрыялы адміністрацыйнай справы, заявіла, што калі будзе патрэба, яна агледзіць сабаку.

Сабак Вольгі Маёравай. Надпіс на плякаце, які прымацаваны да сьпіны сабакі, — «Збор подпісаў»
Сабак Вольгі Маёравай. Надпіс на плякаце, які прымацаваны да сьпіны сабакі, — «Збор подпісаў»

4 верасьня ў Менску на скрыжаваньні праспэкту Пераможцаў з вуліцай Нямігай Вольга Маёрава зьбірала подпісы пад пэтыцыяй у Нацыянальны сход і Савет міністраў Беларусі з заклікам удасканаліць заканадаўства аб абароне жывёлаў. Пасьпела сабраць 55 подпісаў. Таксама ў Вольгі Маёравай з сабой былі ўлёткі з надпісам «Беларусь не скуралупня» і адрасам у інтэрнэце, дзе вядзецца электронны збор подпісаў пад пэтыцыяй.

Паводле Маёравай, гэта была памятка, якую людзі бралі ў яе добраахвотна. Паводле сьведак-міліцыянтаў Сяргея Шыманскага і Паўла Жука, Вольга Маёрава ня толькі зьбірала подпісы, але і раздавала гэтыя лісткі мінакам, што «ёсьць масавым мерапрыемствам».

Вольга Маёрава сваёй віны не прызнавала і даводзіла, што збор подпісаў не масавае мерапрыемства, але судзьдзю Вікторыю Шабуню яе аргумэнты не пераканалі. У выніку ня стала судзьдзя і аглядаць сабаку Бая.

Баю больш за 4 гады, але дакладнага ўзросту Вольга Маёрава ня ведае.

«Узяла яго ў Берасьці ў гадавальніку. Як Бай страціў лапу, ніхто ня ведае. Памятаюць толькі, што Бай доўга бадзяўся па Берасьці, людзі яго ня бралі, бо ён інвалід. Людзі сядзяць у інтэрнэце, нібыта спачуваюць такім сабакам, але мала хто хоча пра іх насамрэч клапаціцца. Мы хочам зьмяніць становішча і скіраваць дзяржаву на тое, каб яна дапамагала, а не перашкаджала», — расказала пасьля суду Вольга Маёрава.

Вырак суду яна назвала «вельмі сур’ёзным ударам па актывістах, якія клапоцяцца пра жывёлаў».

«Бо нам забараняюць збор подпісаў, а гэта асноўны наш мэтад, інакш нам немагчыма зьвярнуцца да людзей», — сказала Вольга Маёрава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG