Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўвяла санкцыі супраць некалькіх расейскіх транспартных кампаній

Украіна ўвяла абмежавальныя меры супраць шэрагу расейскіх кампаній, якія заключылі кантракты з транспартнымі прадпрыемствамі з тэрыторыі так званай «ЛНР», і вазілі грузы праз закрытыя пункты пропуску.

Ўвядзеньне санкцый ініцыявала Служба бясьпекі Ўкраіны. Паводле СБУ, у 2018 годзе шэраг расейскіх юрыдычных і фізычных асобаў заключылі «зьнешнеэканамічныя пагадненьні» з транспартнымі прадпрыемствамі, якія працуюць на часова акупаванай тэрыторыі так званай «ЛНР», і сыстэматычна перавозілі грузы праз закрытыя пункты пропуску. У той жа час гэтыя кампаніі спрабавалі наладзіць бізнэс з прадпрыемствамі на тэрыторыі, падкантрольнай украінскім уладам.

Абмежаваньні закранулі такія кампаніі, як АТ «РЖД Логистика», ТАА «Промкомплекспласт», ТАА «Газголдер» і іншыя суб’екты гаспадараньня Расеі. Санкцыі прадугледжваюць блякаваньне актываў кампаній, якія трапілі пад абмежаваньні, абмежаваньне гандлёвых апэрацый, спыненьне транзыту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Ўкраіны.

«Сваімі дзеяньнямі расейскія прадпрыемствы груба парушаюць міжнародныя нормы і правілы і маюць дачыненьне да фінансавага і матэрыяльнага забесьпячэньні тэрарыстычных арганізацый на часова непадкантрольных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей. Гэта наносіць істотныя страты эканоміцы Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.

Украіна ўвяла супраць Расеі санкцыі ў 2014 годзе пасьля анэксіі Крыму. Усяго ў санкцыйным сьпісе Ўкраіны значацца 786 юрыдычных асобаў і 1759 фізычных.

У ліпені 2018 году Кіеў дадаў у санкцыйны сьпіс расейскія партыі, Цэнтральную выбарчую камісію і сям’і Ратэнбэргаў (бізнэсоўца Аркадзь Ратэнбэрг — старшыня рады дырэктараў кампаніі «Стройгазмонтаж», якая была генпадрадчыкам будаўніцтва моста ў акупаваны Крым).

XS
SM
MD
LG