Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз упершыню ўхваліў «дарожную мапу» супрацы зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю


Фота © Shutterstock

Кіраўнікі місіяў Эўразьвязу ў Беларусі 11 верасьня прынялі «Дарожную мапу супрацы з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі на 2018–2020 гады», паведамляе Эўрапейская служба вонкавых сувязяў.

Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі тым часам адзначае, што брала ўдзел у абмеркаваньні праекту дакумэнту на стадыі распрацоўкі — і што ў «дарожнай мапе» ўлічаныя некаторыя заўвагі і прапановы Асамблеі НДА.

«Дарожная мапа» прадугледжвае як фінансавую падтрымку розных ініцыятываў і праграмаў, так і палітычныя перамовы і адукацыйныя захады.

Сярод беларускіх праблемаў, на разьвязаньне якіх накіраваныя праграмы «дарожнай мапы», пералічваюцца:

  • праблемы з правамі чалавека (згадваецца беларускі дзяржаўны плян выкананьня правоў чалавека),
  • кепскае асяродзьдзе для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і малы памер актыўнай грамадзянскай супольнасьці,
  • моцная цэнтралізаванасьць улады і слабае ўцягненьне грамадзянаў у прыняцьце рашэньняў,
  • брак бюджэтных рэсурсаў на праекты ў энэргаэфэктыўнасьці, ахове навакольнага асяродзьдзя і барацьбе са зьменай клімату,
  • слабае інфармаваньне беларусаў пра эўрапейскія каштоўнасьці і іншае.

Як расказаў Свабодзе юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў, такая «дарожная мапа» — звычайная справа ў супрацы Эўразьявязу з краінамі Усходняга партнэрства, але адносна Беларусі падобны дакумэнт прыняты ўпершыню.

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«Рэч у тым, што Беларусі з Эўразьвязам бракуе рамкавых дакумэнтаў: шмат у чым стратэгія ўзаемадзеяньня суб’ектаў грунтуецца на сытуацыйных пагадненьнях, — разважае Чавусаў. — Напрыклад, калі адбываецца нейкая лібэралізацыя, як з пачаткам вайны ва Ўкраіне, адкрываюцца магчымасьці і зьяўляецца жаданьне супрацоўнічаць. А мапы, у якіх кірунках супрацоўнічаць, няма. Такім чынам, супраца ў значнай ступені залежала ад кулюарных пагадненьняў, сытуацыйных дамоўленасьцяў між дэлегацыяй Эўракамісіі і асобнымі міністэрствамі. Гэта робіць непрагназавальным разьвіцьцё падзеяў — што зручна некаторым суб’ектам, але нязручна грамадзянскай супольнасьці агулам».

Як адзначае Чавусаў, «дарожная мапа» ня толькі акрэсьліла прыярытэты кірункаў супрацы (і ня толькі зь няўрадавымі арганізацыямі, але часам і з уладамі), а таксама вызначыла індыкатары, паводле якіх можна меркаваць пра пасьпяховасьць супрацы.

Напрыклад, як ідзе супраца ў сфэрах свабоды слова, свабоды асацыяцыяў і свабоды мірных сходаў, будуць меркаваць у тым ліку па базах затрыманых і аштрафаваных, якія складае праваабарончы цэнтар «Вясна». Адным з індыкатараў будзе колькасьць затрыманьняў і штрафаў за журналісцкую дзейнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG