Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджанага ў Беларусі ўдзельніка вайны на Данбасе накіравалі ў карцэр за спробу сарваць рамонак


Тарас Аватараў, архіўнае фота
Тарас Аватараў, архіўнае фота

Маці асуджанага ў Беларусі добраахвотніка ўкраінскага войска Тараса Аватарава ў інтэрвію Свабодзе заявіла пра зьдзекі з сына ў віцебскай калёніі.

Асуджаны ў Беларусі за незаконнае абарачэньне і кантрабанду выбуховай прылады Тарас Аватараў, удзельнік баявых дзеяньняў на Данбасе на баку Ўкраіны ў складзе добраахвотніцкага батальёну, за час зьняволеньня ў выпраўленчай калёніі № 3 «Віцьба» тройчы знаходзіўся ў штрафным ізалятары.

«Першы раз — за непадпарадкаваньне, другі раз — за спробу сарваць рамонак з клюмбы: у яго адкрываюцца язвавыя крывацёкі, і ён хацеў сарваць рамонак, каб заварыць сабе гарбату і неяк паменшыць боль, а апынуўся ў ШЫЗА (турэмны карцэр). А трэці раз — адзін Бог ведае за што. І цяпер яму сказалі, што ёсьць устаноўка пасадзіць у ШЫЗА», — расказала Свабодзе ягоная маці Людміла Посьпіх.

Маці нядаўна пабывала ў Чарнігаве — брала ўдзел у адкрыцьці выстаўкі «З Украінай у сэрцы». Экспазыцыя была створаная ў 2016 годзе па выніках пленэру беларускіх і ўкраінскіх мастакоў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і цяпер падарожнічае па гарадах Украіны. Сярод работ, якія экспануюцца, ёсьць і партрэт Тараса Аватарава, зроблены на ўсходзе Ўкраіны.

Партрэт Тараса Аватарава, напісаны Алесем Цыркуновым
Партрэт Тараса Аватарава, напісаны Алесем Цыркуновым

«Тарас патэлефанаваў 20 верасьня, калі я была ўжо ў цягніку, і сказаў, што стаіць зь мяшэчкам. Пытаюся, куды ён зьбіраецца. А ён кажа, што прыяжджаў правяральнік і яму далі ўстаноўку пасадзіць яго ў ШЫЗА. Тарас сказаў, што пойдзе на галадоўку, калі яго зноў перавядуць у ШЫЗА. Мінулы раз яго пасадзілі на дзесяць сутак, а прасядзеў 21 дзень. Увесь час знаходжаньня ў калёніі ягонае жыцьцё падвяргаецца небясьпецы, бо ён знаходзіцца ў нялюдзкіх умовах і мае шэраг хранічных захворваньняў», — распавядае Людміла Посьпіх.

Украінскія ўлады дапамагчы ня могуць

У 2017 годзе Людміла Посьпіх перад візытам Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну прыехала ў Кіеў, каб зьвярнуцца да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з заклікам заступіцца за яе сына, які абараняў цэласнасьць украінскай тэрыторыі на Данбасе.

«Але толькі МЗС (Украіны) адказала, што ня маюць юрыдычных падстаў, каб дапамагчы, бо Тарас не зьяўляецца грамадзянінам Украіны. Мы некалькі разоў падавалі скаргу на імя генэральнага пракурора Беларусі, але адказваюць толькі ягоныя намесьнікі — што ён асуджаны правільна», — паведаміла Людміла Посьпіх.

За тры гады адбываньня пакараньня бацькі тройчы сустракаліся з сынам: «Ён ня скардзіцца, але вельмі схуднеў — з 56-га памеру вопраткі рэзка перайшоў на 44-ы».

Тарас Аватараў, архіўнае фота з суду
Тарас Аватараў, архіўнае фота з суду

Паводле Людмілы Посьпіх, адзін раз на чатыры месяцы яны могуць перадаць яму прадукты і атрымаць дазвол на кароткае спатканьне. Доўгатэрміновая сустрэча (на адны суткі) магчымая толькі раз на паўгода. «Толькі гэтыя тэрміны ня вельмі выконваюцца», — кажа маці.

У чэрвені 2018-га, калі Тарас Аватараў адседзеў палову тэрміну, адмысловая камісія адмовіла ў зьмякчэньні пакараньня. Наступным разам гэтае пытаньне мусіць разглядацца ў сакавіку наступнага году, калі ён адбудзе дзьве траціны прысуджанага пакараньня. «За гэты час у нас ужо выпрацаваўся прынцып — не здавацца, нават калі вельмі цяжка. І мы дзякуем усім, хто нас падтрымлівае і памятае пра Тараса», — кажа Людміла Посьпіх.

Маці заяўляе пра «сьлед ФСБ»

Жыхар Наваполацку Тарас Аватараў быў затрыманы 26 лістапада 2015 году на менскім чыгуначным вакзале. У Аватарава міліцыянты забралі самаробную гранату, сыгнальны пісталет Макарава, бронекамізэльку, пасьведчаньне добраахвотніка «Правага сэктару» з Украіны.

Маці сьцьвярджае, што яе сына затрымалі не ў Беларусі. Яго нібыта выкралі ў Кіеве спэцслужбы Расеі і перадалі супрацоўнікам КДБ, якія, пасадзілі яго ў машыну і адправілі спачатку да Гомля, а адтуль цягніком да Менску. Паводле Людмілы Посьпіх, яе сына суправаджалі на ўсім шляху да чыгуначнага вакзалу ў беларускай сталіцы. На падставе размоў з сынам жанчына мяркуе, што самаробную выбуховую прыладу, за якую асуджаны яе сын, яму падкінулі на мяжы Беларусі і Ўкраіны.

У траўні 2016 году Тарас Аватараў асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці за незаконнае абарачэньне і кантрабанду выбуховай прылады. Аватараў прызнаў незаконнае абарачэньне, але не незаконнае перамяшчэньне прылады празь мяжу (знайшоў гранату на сваіх рэчах у аўтамабілі, якім прыехаў у Гомель з Украіны, здаў яе міліцыі добраахвотна).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG