Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караблі Ўкраіны прайшлі Крымскі мост для будаўніцтва марской базы

Украінскія караблі праходзяць праз Керчанскі праліў
Украінскія караблі праходзяць праз Керчанскі праліў

Два караблі вайскова-марских сіл Украіны прайшлі пад аркамі кантраляванага Расеяй Крымскага моста, кіруючыся з Адэсы ў Бярдзянск — горад, дзе ствараецца база ўкраінскага флёту ў Азоўскім моры.

Пра гэта паведамляе «Украінскі вайсковы партал». Гаворка ідзе пра пошукава-выратавальнае судна «Данбас» і марскі буксір «Карэц». Прыблізна ў гэты самы час самалёт-выведнік Boeing RC-135V Вайскова-паветраных сілаў ЗША пачаў палёты паблізу Керчанскага праліву.

Плянуецца, што карабель «Данбас» будзе выкарыстаны для ўзмацненьня інфраструктуры ўкраінскага флёту ў Азоўскім моры. На ім могуць разьмясьціць штаб будучай базы, месцы для пражываньня вайскоўцаў, склады і іншыя памяшканьні. «Карэц» прызначаны для буксіроўкі іншых судоў. Абодва судна былі пабудаваны амаль 50 гадоў таму.

Частку шляху ўкраінскія судны прайшлі ў суправаджэньні расейскіх караблёў берагавой аховы.

У камандаваньні Вайскова-марскіх сіл Украіны паведамілі, што пераход праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора ўкраінскіх вайсковых караблёў праходзіў у складаных абставінах і суправаджаўся небясьпечнымі інцыдэнтамі з боку сіл Расеі.

«У Керчанскім праліве да непасрэднага суправаджэньня [украінскіх караблёў] было прыцягнута больш за 10 караблёў і катэраў ФСБ і Чарнаморскага флёту Расеі. Самалёты краіны-агрэсара неаднаразова рабілі аблёт нашых караблёў, у тым ліку на гранічна нізкіх вышынях», — гаворыцца ў паведамленьні.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка павіншаваў выхад у Азоўскае мора двух украінскіх караблёў, якія, паводле яго, стануць часткай вайскова-марской базы ўкраінскага флёту на Азове.

У пачатку верасьня Савет нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны прыняў рашэньне ўзмацніць вайскова-марскую прысутнасьць у Азоўскім моры.

Паводле ўкраінскіх СМІ, Азоўскае мора стала ў апошні час месцам шматлікіх правакацыяў з боку расейскіх сілавікоў, у першую чаргу памежнікаў, якія, карыстаючыся фармулёўкамі ўкраінскага-расейскага пагадненьня аб статусе гэтага мора з 2003 году, прыпыняюць для працяглых праверак судны, якія накіроўваюцца ва ўкраінскія парты або зь іх.

XS
SM
MD
LG