Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Кіеў адмаўляе замежным вэтэранам АТА ў атрыманьні ўкраінскага грамадзянства


Днямі ў Кіеве перад Вярхоўнай Рады Ўкраіны адбылася акцыя з патрабаваньнем легалізаваць замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны на Данбасе. Некалькі беларускіх добраахвотнікаў прыкавалі сябе кайданкамі да агароджы на вуліцы непадалёк ад адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта.

Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій 20 верасьня, калі акцыя пратэсту ўсё яшчэ працягвалася, сустрэўся з дэлегацыяй замежных добраахвотнікаў і паабяцаў ім, што законапраект № 3433, які прадугледжвае спрошчаную працэдуру атрыманьня ўкраінскага грамадзянства для замежных вэтэранаў АТА (Антытэрарыстычная апэрацыя дзейнічала ў Данбасе да 30 красавіка сёлетняга году, цяпер - Апэрацыя аб'яднаных сіл УС Украіны — РС), унясуць як неадкладны ў парадак дня Рады 2 кастрычніка. У дзень галасаваньня па гэтым законапраекце «Нацыянальны корпус» плянуе правесьці чарговую акцыю пад Радай.

З больш як чатырохсот замежнікаў, якія ваявалі добраахвотнікамі на Данбасе, цягам апошніх гадоў украінскае грамадзянства ўдалося атрымаць толькі пецярым. У іх ліку Ільля Багданаў — былы афіцэр ФСБ РФ, які ўлетку 2014 году перайшоў на бок Украіны і абараняў Данецкі аэрапорт. Аапошнім разам украінскі пашпарт уручалі замежнікам — удзельнікам баявых дзеяньняў — увосень 2017 году. Грамадзянства тады атрымала мэдык першага дабравольніцкага мабільнага шпіталя расіянка Вольга Сіманава.

Чаму ў Кіеве адмаўляюць замежным вэтэранам баявых дзеяньняў у Данбасе ў атрыманьні ўкраінскага грамадзянства? На гэтае пытаньне адказвае кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Твой шлях» Аляксандар Івашка:

— Галоўная праблема — неабходнасьць падаць у Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны даведку аб несудзімасьці. Ані ў Беларусі, ані ў Расеі, ані ў іншых у краінах на постсавецкай прасторы такую даведку, нават маючы даверанасьць, атрымаць немагчыма. А безь яе камісія пры прэзыдэнце Ўкраіны, якая разглядае магчымасьць прадстаўленьня грамадзянства замежнікам, ня прымае дакумэнты.

Добраахвотнікі-расіяне спрабавалі атрымаць даведку аб несудзімасьці праз пасольства Расеі ў Кіеве, але ім там таксама адмовілі, хоць звычайным расейцам такія даведкі выдаюць без праблем. Відавочна, што ў дыпмісіі РФ добра дасьведчаныя, хто з грамадзян Расеі ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях у Данбасе на баку ўкраінскай арміі. І атрымліваецца замкнёнае кола.

Наяўнасьць такой даведкі ў пакеце неабходных дакумэнтаў не прапісаная ў ніводным з заканадаўчых актаў Украіны, гаворка пра яе ідзе толькі ў нейкім нарматыўным дакумэнце ад 2001 году. Вользе Сіманавай удалося атрымаць даведку пры дапамозе сваякоў — пра тое, што яна не прыцягвалася да адказнасьці за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Гэты выпадак стаў адзіным выключэньнем у Расеі. Пасьля Вольгі больш нікому з замежных добраахвотнікаў не ўдалося атрымаць украінскі пашпарт.

— Цяпер, калі ва Ўкраіне разгортваецца перадвыбарчая прэзыдэнцкая гонка, відавочна, што кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка пад ціскам грамадзкасьці вымушаны будзе вырашыць гэтую праблему, тым больш што ў 2015 годзе ён публічна абяцаў урэгуляваць пытаньне датычна прадстаўленьня грамадзянства ўсім вэтэранам-замежнікам.

— Можна пагадзіцца, што з улікам надыходзячых выбараў і нізкага рэйтынгу Парашэнкі яму неабходна нешта прадпрымаць. Прадстаўленьне грамадзянства добраахвотнікам з Расеі, Беларусі і іншых краін можа дадаць яму ачкоў у часе перадвыбарнай кампаніі. І адпаведна, цалкам магчыма, хоць я добра ведаю, што прэзыдэнт гэтага вельмі ня хоча, ён пойдзе на такі крок і хлопцы, якія апынуліся фактычна закладнікамі ў цяперашняй сытуацыі, паколькі ня могуць вярнуцца на радзіму, дзе іх чакаюць катаваньні і вялікія тэрміны зьняволеньня, усё ж такі атрымаюць украінскія пашпарты.

— А чаму Пятро Парашэнка ня вельмі хоча даваць грамадзянства добраахвотнікам-замежнікам, якія змагаліся ў Данбасе?

— Мне здаецца, што ў Пятра Аляксеевіча застаўся непрыемны асадак пасьля падпісаньня ўказу аб наданьні грамадзянства Ўкраіны былому афіцэру расейскага ФСБ Ільлі Багданаву. Неўзабаве пасьля гэтага Ільля напісаў у Фэйсбуку эпахальны пост, дзе зьмяшаў Парашэнку з брудам, а затым яшчэ і вельмі рэзка раскрытыкаваў яго ў інтэрвію аднаму з украінскіх інтэрнэт-выданьняў. Прэзыдэнт пакрыўдзіўся і, як можна меркаваць, сказаў свайму атачэньню, што ня мае намеру больш даваць грамадзянства кожнаму барадатаму мужыку з аўтаматам. І пасьля гэтага ўсё — лавачка прыкрылася.

Паводле неафіцыйных дадзеных, грамадзяне Беларусі — трэцяя паводле колькасьці група замежнікаў сярод удзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны.

За ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, які ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне. У лютым 2017 году двое беларускіх добраахвотнікаў пасьля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Ўкраіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG