Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караблі Ўкраіны прайшлі пад Крымскім мостам для будаўніцтва марской базы

Украінскі фрэгат «Гетман Сагайдачны»
Украінскі фрэгат «Гетман Сагайдачны»

Два караблі ВМС Украіны прайшлі пад аркамі кантраляванага Расеяй Крымскага моста падчас маршруту з Адэсы ў Бярдзянск — горад, дзе ствараецца база ўкраінскага флёту ў Азоўскім моры.

Пра гэта паведамляе «Украінскі мілітарысцкі партал». Гаворка ідзе пра пошукава-выратавальнае судна «Данбас» і марскі буксір «Корац». Прыкладна ў гэты ж час самалёт-выведнік Boeing RC-135V вайскова-паветраных сілаў ЗША пачаў палёты паблізу Керчанскага праліву.

Карабель «Данбас» плянуецца выкарыстоўваць для ўзмацненьня інфраструктуры флёту ў Азоўскім моры. На ім могуць разьмясьціць штаб будучай базы, месцы для пражываньня вайскоўцаў, склады і іншыя памяшканьні. «Корац» прызначаны для буксіроўкі іншых судоў. Абодва караблі былі пабудаваныя амаль 50 гадоў таму. Зь Бярдянску ім насустрач выправіліся малыя браняваныя артылерыйскія катэры «Крэменчуг» і «Лубны», нядаўна спушчаныя на ваду. Частку шляху ўкраінскія караблі прайшлі ў суправаджэньні расейскіх караблёў берагавой аховы.

Старшыня праўленьня Ўкраінскага цэнтру ўзбраеньняў Тарас Чмут назваў цяперашнія манэўры першым выпадкам, калі ўкраінскія вайскова-марскія сілы ня проста рэагуюць на дзеяньні расейскага боку, а «задаюць тон гульні».

Гэтая апэрацыя пасьледавала за дзеяньнямі Расеі, якая, паводле дадзеных Дзяржаўнай памежнай службы, ад красавіка затрымала ў Азоўскім моры больш за 150 замежных судоў, якія накіроўваліся ва ўкраінскія парты. Масква зьдзяйсьняе затрыманьні на падставе дамовы аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскага праліву. Украінскія дэпутаты прапанавалі прэзыдэнту краіны Пятру Парашэнку дэнансаваць гэтае пагадненьне. У сярэдзіне верасьня памежная служба Ўкраіны абвясьціла пра накіраваньне некалькіх соцень спэцназаўцаў у падразьдзяленьні на Азоўскім і Чорным морах для процідзеяньня Расеі.

У пачатку месяца рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны зацьвердзіла комплекс захадаў для абароны інтарэсаў краіны ў Азоўскім і Чорным морах. У прэс-службе адзначылі, што Кіеў мае намер узмацніць вайсковую прысутнасьць у рэгіёнах, разьмясьціўшы там зброю. Праз два тыдні амэрыканскі спэцпрадстаўнік па Ўкраіне Курт Волкер заявіў, што ЗША гатовыя перадаць Кіеву дадатковую баявую зброю для ўзмацненьня СПА і абароны марскога ўзьбярэжжа ва ўмовах, калі Масква спрабуе «узмацніць дамінаваньне» у Азоўскім моры.

XS
SM
MD
LG