Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Удар па чыстых спартоўцах», — Антыдопінгавае агенцтва ЗША пра рашэньне WADA аб Расеі


Антыдопінгавае агенцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі (USADA) рэзка раскрытыкавала прынятае ў чацьвер рашэньне выканкаму Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва аднавіць статус Расейскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА), якое займаецца допінг-кантролем на ўсіх турнірах, якія праходзяць у Расеі.

Як гаворыцца ў заяве кіраўніка амэрыканскага агенцтва Трэвіса Тайгарта, рашэньне WADA стала «зруйнавальным ударам па «чыстых спартоўцах». Кіраўнік амэрыканскага агенцтва зьвярнуў увагу на тое, што WADA сваім рашэньнем фактычна перакрэсьліла сваю ўласную «дарожную мапу», распрацаваную ў сувязі з допінгавым скандалам у расейскім спорце.

Раней з заклікамі не аднаўляць правы РУСАДА выступалі агенцтвы з Брытаніі, Канады, Аўстраліі і шэрагу іншых краінаў, Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый, а таксама былы кіраўнік маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі Грыгорый Родчанкаў. Менавіта Родчанкаў расказаў пра тое, як была наладжаная ў Сочы сыстэма падмены аналізаў расейскіх спартоўцаў.

Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва WADA на сваім паседжаньні 20 верасьня большасьцю галасоў аднавіла ў правах Расейскае антыдопінгавае агенцтва РУСАДА пры выкананьні шэрагу ўмоваў. У прыватнасьці, расейскае агенцтва абавязана даць доступ да дадзеных маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі да канца 2018 году.

Аднаўленьне статусу РУСАДА павінна дазволіць расейскім спартоўцам зноў без абмежаваньняў удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. На зімовыя Алімпійскія гульні у 2018 годзе былі дапушчаныя толькі асобныя атлеты, і выступалі яны пад нэўтральным сьцягам.

РУСАДА было пазбаўленае акрэдытацыі пры Сусьветным антыдопінгавым агенцтве зь лістапада 2015 году. Такое рашэньне было прынятае па выніках працы камісіі, якая расьсьледавала справы аб ўжываньні допінгу ў расейскім спорце. Пазьней іншая камісія на чале з Рычардам Макларэнам выявіла існаваньне ў Расеі «допінгавай сыстэмы».

Цяперашняе рашэньне WADA стала, як паведамляецца, вынікам кампрамісу — Расея прызнала факты ўжываньня спартоўцамі допінгу і паабяцала выканаць пастаўленыя перад ёй ўмовы, аднак ад яе ня сталі патрабаваць фармальнага прызнаньня існаваньня дзяржаўнай сыстэмы допінгу ў спорце, пра якую гаварылася ў дакладзе Макларэна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG