Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Схавайце дзяцей — не замінайце людзям


Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш аддае немаўля, якое яму далі патрымаць падчас візыту ў Нямеччыну ў ліпені 2006 году
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш аддае немаўля, якое яму далі патрымаць падчас візыту ў Нямеччыну ў ліпені 2006 году

Каму можна мець дзяцей? Часта знаходзяцца людзі, якія гатовыя пачынаць такія дыскусіі і дзяліць бацькоў на правільных і няправільных. Вось і аглядальнік дзяржаўнай газэты «Беларусь сегодня» Максім Восіпаў нядаўна задаўся пытаньнем, ці маюць маральнае права заводзіць дзяцей людзі, у якіх няма свайго аўтамабіля, і якія паміж таксі і грамадзкім транспартам абіраюць грамадзкі транспарт.

Ня буду пераходзіць на асобы і разважаць у адказ, на што мае і ня мае маральнага права сам Максім Восіпаў. Таксама ня стану тлумачыць, чаму падзел людзей на вартых і ня вартых мацярынства і бацькоўства неэтычны сам па сабе. Пра гэта ўжо шмат сказана і напісана.

Я ж хачу зьвярнуць увагу на тое, што словы Восіпава — гэта ня проста ягоная асабістая пазыцыя, а частка пасьлядоўнай «лініі партыі», ва ўмовах якой мы ўсе жывем.

Словы Восіпава — гэта ня проста ягоная асабістая пазыцыя, а частка пасьлядоўнай «лініі партыі»

Нашыя гарады не прыстасаваныя для маленькіх дзяцей і тых, хто іх суправаджае. І гэтая праблема мае два бакі — па-першае, адсутнасьць безбар’ернага асяродзьдзя і адмысловай інфраструктуры, а па-другое, нежаданьне навакольных бачыць дзяцей па-за межамі спэцыялізаваных прастораў. Дзеці — гэта нібыта недалюдзі, якія толькі замінаюць сапраўдным людзям спакойна жыць: яны шумяць, бегаюць, патрабуюць увагі і цярпеньня.

Ёсьць жа дзіцячыя пляцоўкі, забаўляльныя і адукацыйныя цэнтры, — вось хай там дзеці і будуць. І перамяшчаюцца хай так, каб іншыя іх не бачылі. «Хто з гэтымі вазочкамі ўвогуле прэцца ў грамадзкі транспарт?», — пытаецца Максім Восіпаў. Людзі, туды пруцца людзі! Ім трэба езьдзіць у паліклінікі і крамы, сустракацца зь іншымі людзьмі, шпацыраваць у парках, есьці ў кавярнях і ўвогуле рабіць усё тое ж самае, што робяць астатнія дарослыя.

Але нашыя публічныя прасторы — яны для сапраўдных герояў і гераінь у белых паліто — здаровых, маладых, багатых і неабцяжараных клопатамі накшталт «дзе зьмяніць дзіцяці падгузьнік у цэнтры горада». А калі вам не пашанцавала, і вы ня ўпісваецеся ў гэты прыгожы вобраз, дык і сацыяльнымі дабротамі будзьце ласкавыя, не карыстайцеся. Не замінайце, так бы мовіць, нармальным людзям.

У большасьці сваёй гарады не прыстасаваныя для малых дзяцей

Сацыяльная ізаляцыя пасьля родаў — сур’ёзная праблема, пра якую жанчыны апошнім часам кажуць усё часьцей. На сыстэмным узроўні гэтая праблема павінна вырашацца акурат стварэньнем адпаведных умоваў у публічных месцах. І пэўныя паляпшэньні, вядома ж, ёсьць — у прыбіральнях гандлёвых цэнтраў зьяўляюцца столікі, дзе можна пераадзець немаўля, а ў некаторых кавярнях можна знайсьці адмысловыя дзіцячыя крэселцы. Але агульная карціна ўсё адно застаецца сумнай: у большасьці сваёй гарады не прыстасаваныя для малых дзяцей.

Дзеці нібыта павінны быць нябачнымі: яны — сыравіна, якую не прынята паказваць да апрацоўкі

Дзеці нібыта павінны быць нябачнымі: яны — сыравіна, якую не прынята паказваць да апрацоўкі. Так жа не прынята паказваць людзей з сур’ёзнай мэнтальнай і фізычнай інваліднасьцю, старых людзей. Гэта яшчэ адзін бок такой вядомай чысьціні беларускіх гарадоў — яны ачышчаныя ад усіх жыхарак і жыхароў, якія сапсуюць прыгожую карцінку.

У нас чыстыя вуліцы і ціхі транспарт, і ўсё гэта настолькі «правільна», што пужае. І можна прыняць шмат інтэграцыйных законаў, але яны мала на што паўплываюць, пакуль у грамадзтве будзе заставацца гэтае супрацьпастаўленьне «людзей з дзецьмі» і «нармальных людзей».

Як адсутнасьць дзяцей не павінна быць стыгмай, так і іх наяўнасьць ня мусіць станавіцца нагодай для сацыяльнай ізаляцыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG