Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджанец пражыў у Беларусі 29 гадоў. Цяпер яго высылаюць


Сеймур разам са старэйшым сынам, калі той служыў у войску.
Сеймур разам са старэйшым сынам, калі той служыў у войску.

Сеймур Мамедгусейнаў пераехаў у Беларусь у 1989 годзе, у 1996-м атрымаў тут грамадзянства. У 2006 годзе ў яго забралі беларускі пашпарт, а цяпер зьбіраюцца выслаць з краіны. Міліцыя сьцьвярджае, што Сеймур мае сувязі з крыміналам. Ягоная жонка ўпэўненая, што яму помсьцяць за адмову супрацоўнічаць з «органамі».

  • Большую частку жыцьця Сеймур пражыў у Беларусі
  • У 2006 годзе ў яго забралі беларускі пашпарт, таму што ён быццам бы меў азэрбайджанскае грамадзянства і быў там прапісаны. Насамрэч ён ніколі ня меў азэрбайджанскага пашпарта
  • Міліцыя хацела, каб Сеймур стаў іхнім агентам і распавядаў інфармацыю пра крымінальнікаў
  • Сеймур адмовіўся ад супрацы зь міліцыяй, і яго пазбавілі беларускіх дакумэнтаў, ён стаў асобай без грамадзянства
  • Міліцыя вынесла пастанову, што Сеймур пагражае крымінагеннай абстаноўцы ў Беларусі, але ў чым дакладна ён падазраецца, ня кажуць нават самому Сеймуру
  • Яго хочуць выслаць зь Беларусі, але Азэрбайджан пакуль ня даў згоды прыняць Сеймура, бо ён асоба без грамадзянства

Жыве ў Беларусі большую частку жыцьця, прадае бульбу ў Сэрбію

У 1989 годзе Сеймур пераехаў у Ліду. З таго часу ён жыве ў Беларусі
У 1989 годзе Сеймур пераехаў у Ліду. З таго часу ён жыве ў Беларусі

​Апошнія паўгода Сеймура Мамедгусейнава трымаюць у ізалятары ў Менску. Упраўленьне ўнутраных спраў Менскага раёну вынесла пастанову, каб выслаць яго ў Азэрбайджан. Але ён ніколі ня меў азэрбайджанскага грамадзянства, таму міліцыя чакае, ці пагодзяцца азэрбайджанскія ўлады прыняць яго.

«У Сеймура ўжо там няма нікога, усе блізкія сваякі толькі ў Беларусі, нават маці пахаваная тут», — кажа Свабодзе ягоная грамадзянская жонка Алеся Кудравец, зь якой Сеймур жыве з 2002 году.

Сеймуру 50 год. Ён нарадзіўся ў Азэрбайджане, але большую частку жыцьця правёў у Беларусі. У 1989 годзе, пасьля службы ў войску, ён прыехаў у Ліду і застаўся тут. Мае траіх дзяцей. Старэйшаму ад першай жонкі — 28 год. Яшчэ два сыны — ад Алесі Кудравец. Апошні нарадзіўся ў жніўні, калі Сеймур быў у ізалятары.

У Беларусі Сеймур займаўся гандлем. У 2000-я прывозіў тавары з Азэрбайджану. Апошнім часам экспартаваў беларускія тавары: прадаваў бульбу ў Сэрбію і Малдову.

У 1996 годзе ён атрымаў беларускае грамадзянства. А ў 2006 годзе Лідзкі аддзел па грамадзянстве і міграцыі правёў службовую праверку і прыйшоў да высновы, што на момант атрыманьня беларускага грамадзянства Сеймур быў прапісаны ў Азэрбайджане. На гэтай падставе яго пазбавілі беларускага грамадзянства.

Даведка з амбасады Азэрбайджану
Даведка з амбасады Азэрбайджану

Аднак Алеся сьцьвярджае, што азэрбайджанскага грамадзянства Сеймур ніколі ня меў. У яго ёсьць даведка аб выбыцьці з Азэрбайджану ў 1991 годзе. І ў амбасадзе Азэрбайджану пацьвердзілі, што тамтэйшага грамадзянства Сеймур ня мае.

У 2011 годзе Сеймур пацьвердзіў, што азэрбайджанскага грамадзянства ў яго няма, але гэта не паўплывала на рашэньне органаў міграцыі, і беларускі пашпарт яму не аднавілі.

Міліцыя лічыць, што Сеймур фінансуе крымінальнікаў

З 2006 году Сеймуру некалькі разоў мянялі статус. Калі яму анулявалі беларускае грамадзянства, то адразу далі від на жыхарства. У 2011 годзе ён пацьвердзіў, што азэрбайджанскага грамадзянства ў яго няма, і атрымаў статус асобы без грамадзянства з дазволам на пастаяннае пражываньне.

У 2016 годзе яму анулявалі дазвол на падставе таго, што ён «нэгатыўна ўплывае на крымінагенную абстаноўку ў Беларусі». Такая інфармацыя паступіла ў Дэпартамэнт па міграцыі з Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС.

Праз суд Сеймур спрабаваў вярнуць дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі. Але яму адмовілі.

18 красавіка 2018 году Сеймура затрымалі. Дэпартамэнт па міграцыі МУС прапанаваў прымусова выслаць азэрбайджанца, бо ён стварае пагрозу для беларускага грамадзтва.

«Асоба без грамадзянства Мамедгусейнаў С. А. мае вялікія сувязі ў крымінальным асяродзьдзі Азэрбайджану, Расеі і іншых краінаў. Забясьпечвае іх прыбыцьцё, прыём, фінансаваньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мамедгусейнаў прымае актыўны ўдзел у працэсах, якія адбываюцца ў крымінальным асяродзьдзі Рэспублікі Беларусь», — такую інфармацыю ГУБАЗіК прадставіў суду.

Жонка Сеймура: Яго пачалі перасьледаваць, калі адмовіўся супрацоўнічаць зь міліцыяй

Сеймур раам зь сярэднім сынам
Сеймур раам зь сярэднім сынам

Пра якіх крымінальнікаў вядзе гаворку ГУБАЗіК і каго фінансуе Сеймур, ня ведае ні жонка Алеся, ні адвакат. Нават у судзе гэтую інфармацыю не агучылі, бо яна для службовага карыстаньня.

Алеся Кудравец лічыць, што Сеймура высылаюць, бо ён адмовіўся супрацоўнічаць зь міліцыяй. Па яе словах, з 2016 году на яе мужа цісьне Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. У той час яго шмат разоў выклікалі ў міліцыю і настойвалі, каб ён стаў агентам, распавядаў пра асобаў, якія прыяжджаюць у Беларусь з-за мяжы.

Пра гэта Свабодзе сказаў і Павал Севярынец, які на мінулым тыдні сядзеў разам зь Сеймурам у ізалятары на Акрэсьціна. Палітык лічыць, што азэрбайджанец пацярпеў за сваю прынцыповасьць.

Ён сам ня ведае, у чым яго абвінавачваюць

«У яго ёсьць прынцыповасьць, якой не хапае беларусам, — сказаў Севярынец. — Ён кажа: „Як я буду глядзець у вочы сваім дзецям, калі стану агентам?“».

Ніякіх крымінальных сувязяў у Сеймура не было, кажа жонка. Калі б ён сапраўды быў у нечым вінаваты, яго даўно павінны былі б арыштаваць і асудзіць. На яе думку, міліцыя зьвярнулася менавіта да яе мужа, бо ён мае шмат кантактаў у бізнэсе.

«Усе яму давяраюць, бо ён вядзе бізнэс сумленна. Напэўна, таму яго і выбралі, што ён лёгка ўваходзіць зь людзьмі ў кантакт», — лічыць яна.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Яна пісала ў адміністрацыю прэзыдэнта, але адтуль прыйшла адпіска. Як і ў іншых установах, там спасылаюцца на інфармацыю пра небясьпеку Сеймура для Беларусі.

«Ён сам ня ведае, у чым яго абвінавачваюць. Па прыхамаці нейкага начальніка вырашаецца лёс чалавека. Колькі можна зьдзекавацца з чалавека?» — піша Алеся ў лісьце на адрас адміністрацыі прэзыдэнта.

Атрымаць афіцыйны камэнтар наконт таго, чым жа небясьпечны Сеймур Мамедгусейнаў, Свабодзе не ўдалося. Ніхто ня можа пацьвердзіць і спробы завэрбаваць азэрбайджанца. Па словах Севярынца, падобных дакумэнтальных пацьверджаньняў у міліцыі ня можа быць.

«Калі пачынаецца ціск ці шантаж з боку міліцыі, гэта ж крымінальная справа супраць саміх органаў. Ніхто ня будзе размаўляць пад запіс», — сказаў Севярынец.

Ён ужо згодны на высылку ў любую дзяржаву

Наста Лойка
Наста Лойка

Уся справа вакол Сеймура — вельмі неадназначная, лічыць Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta. Напрыклад, ніхто, акрамя судзьдзі, ня бачыў арыгінальных дакумэнтаў, паводле якіх Мамедгусейнава абвінавачваюць у злачыннасьці. Нават самога Сеймура і ягонага адваката не азнаёмілі з дакумэнтамі. Бо яны для службовага карыстаньня.

«На маю думку, гэта вельмі дзіўна. Калі да чалавека ёсьць прававыя прэтэнзіі, яго не прыцягваюць да адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасьці. У ізалятары ён знаходзіцца беспадстаўна», — сказала Лойка.

І сам Сеймур, і сваякі, і праваабаронцы называюць ягонае затрыманьне перасьледам з боку ГУБАЗіК за адмову ад супрацоўніцтва.

Што будзе далей, незразумела. У ідэале Сеймур хацеў бы застацца ў Беларусі. Але, пакуль няма адказу ад МЗС Азэрбайджану, да наступнага красавіка яго могуць утрымліваць у ізалятары.

«Ён стомлены і ўжо згодны на высылку ў любую дзяржаву», — кажа Наста Лойка.

Калі Сеймура вышлюць, Алеся разам з двума дзецьмі пераедзе ў Азэрбайджан. Яна кажа, што з такім падыходам ніхто не абаронены ад высылкі. Нават яна, бо нарадзілася ў Расеі.

«Выходзіць, заўтра мне скажуць, што зьвесткі пра маю прапіску зьніклі, грамадзянства мне няправільна выдалі, і адправяць у Расею па нараджэньні?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG