Суд у бэльгійскім горадзе Гент адмовіўся выдаць гішпанскім уладам Хасэ Мігеля Арэнаса, рэпэра з выспы Мальёрка, вядомага пад артыстычным псэўданімам Вальтонік (Valtonyc). Суд кіраваўся тым, што ў законах Бэльгіі няма тых злачынстваў, за якія ў Гішпаніі асудзілі рэпэра.
Арэнас быў асуджаны на тры з паловай гады турмы за тэксты сваіх песень. Гішпанскі суд вырашыў, што ў тэкстах, сярод іншага, утрымлівалася ўхвала тэрарыстычнай групоўкі ETA, а таксама паклёп і пагрозы на адрас каралеўскай сям’і і шэрагу гішпанскіх палітыкаў. Як пісала гішпанская газэта El Pais, суд у сваім рашэньні падкрэсьліў, што ў песьнях Valtonyc «ухваляюцца ня толькі палітычныя мэты, але таксама і гвалтоўныя сродкі, якімі карыстаюцца тэрарыстычныя арганізацыі».
Адвакаты Арэнаса заяўлялі, што судовае рашэньне парушае права іх кліента на свабоду выказваньня.
Сёлета ў лютым Вярхоўны суд Гішпаніі пакінуў у сіле прысуд Арэнасу. Рэпэр зьбег з Гішпаніі ў сакавіку, пакуль разглядалася ягоная апэляцыя супраць судовага рашэньня.