Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка «бліжэйшым часам» чацьвёрты раз наведае Кубу


Аляксандар Лукашэнка з папярэднім прэзыдэнтам Кубы Раулем Кастра падчас візыту на Кубу ў 2012 годзе

Пра гэта 17 верасьня паведаміла намесьніца міністра замежных спраў Кубы Ана Тэрэсіта Гансалес Фрага на сустрэчы з намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком у Менску. Яна заявіла, што беларускі лідэр ужо тройчы наведваў Кубу, і гэты візыт стане для яго чацьвёртым.

Спадарыня Фрага сказала таксама, што палітычныя дачыненьні дзьвюх краін знаходзяцца «на самым высокім узроўні». Яна дадала, што на Кубе з захапленьнем назіраюць за тым, як Беларусь змагаецца з санкцыямі з боку ЗША і Эўразьвязу. Намесьніца міністра сказала таксама, што амэрыканскія санкцыі дагэтуль дзейнічаюць і супраць Кубы, і менавіта гэта галоўны фактар, які шкодзіць эканамічнаму разьвіцьцю краіны.

Кубінская дыпляматка таксама адзначыла, што Беларусь і Куба заўжды падтрымліваюць адна адну на міжнароднай арэне. Так, у 2016 годзе Куба паспрыяла прыняцьцю Нацыянальнага Сходу Беларусі ў якасьці назіральніка ў Лацінаамэрыканскім парлямэнце.

З эканомікай горш, чым з палітыкай

Статыстыка, якую падрыхтавалі ўдзельнікам перамоваў для сёньняшняй сустрэчы, адназначна пераконвае: з эканомікай справы ў абедзьвюх краін нашмат горшыя, чым з палітыкай. Так, у 2016 годзе супольны таваразварот Беларусі і Кубы склаў толькі 67 мільёнаў даляраў. Летась ён зьнізіўся да 60 мільёнаў, а за першыя 6 месяцаў сёлета абваліўся да 11,7 мільёна.

Чаму так здарылася і як будуць выпраўляць сытуацыю, журналісты не даведаліся, бо іх дапусьцілі ў залю перамоваў толькі на ўступную частку сустрэчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG