Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Мархалюк — адзін з 60 дзяцей, што зьніклі ў Беларусі за 10 гадоў


Год таму, 16 верасьня 2017 году, каля вёскі Новы Двор Сьвіслацкага раёну прапаў 10-гадовы Максім Мархалюк. Пазьней у лесе знайшлі ровар хлопчыка. Шматдзённыя пошукі зьніклага з удзелам тысяч валянтэраў, выратавальнікаў, спэцтэхнікі, авіяцыі ні да чога не прывялі.

Хлопчыка шукалі 2 тысячы валянтэраў, вайскоўцы, міліцыя, авіяцыя

Гэта была самая вялікая пошуковая апэрацыя, апавядала адміністратарка працы са СМІ і сацсеткамі пошукава-выратавальнага атраду «Анёл» Юлія Коўган.

Максіма Мархалюка шукалі тады 2 тысячы валянтэраў, міліцыя, вайскоўцы, была задзейнічана авіяцыя. Лес падзялілі на квадраты, міліцыянты, выратавальнікі, вайскоўцы абсьледавалі найбольш цяжка даступныя месцы, валянтэры аглядалі лясныя масівы, закіданыя дамы. Была заведзеная крымінальная справа, разглядаліся дзясяткі вэрсій. Пошукі хлопчыка праводзіліся нават у суседняй Польшчы.

Хто шукаў Максіма Мархалюка ў пушчы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:41 0:00

«Але найбольш падобна, хлопчык заграз у балоце. Там, у Белавескай пушчы, шмат вельмі небясьпечных і глыбокіх — больш за 3 мэтры — забалочаных месцаў. Нашы выратавальнікі стараліся знайсьці хлопчыка. На жаль, не ўдалося», — кажа Юлія.

Прадстаўніца «Анёла» расказала, што за год у сярэднім бывае па 2,5 тысячы зваротаў на пошукі непаўналетніх. Вельмі рэдка дзеці блудзяць у лесе, у асноўным яны самі ўцякаюць у пошуках прыгод. Але большасьць з уцекачоў даволі хутка знаходзіцца — цягам сутак, а то і некалькіх гадзін.

«Што тычыцца дзяцей, сёньня ў нас толькі адна заяўка — на 14-гадовую дзяўчынку, якая вандруе. Яе ўчора двойчы бачылі ў Менску, нам тэлефанавалі, але пакуль мы яе не знайшлі. На мінулым тыдні было 3 заяўкі аб зьнікненьні дзяцей, усіх знайшлі», — кажа Юлія Коўган.

Усяго ў Беларусі за апошнія 10 гадоў не знайшлі каля 60 непаўналетніх.

Грыбны сэзон пачаўся, і зноў губляюцца старыя

З пачаткам грыбнога сэзону ў міліцыю штодня зьвяртаюцца з заявамі пра зьнікненьне людзей у лесе. Штогод у лесе прападае больш за 200 чалавек, часьцей за ўсе гэта грыбнікі пажылога веку.

«Вось толькі што выратавальнікі «Анёла» вярнуліся са Смалявіцкага раёна, дзе знайшлі 80-гадовую бабулю, якая пайшла па грыбы. У нядзелю ўвечары нам патэлефанавалі яе родныя, прычым у «Анёл» раней, чым у міліцыю. Дзякуй Богу, знайшлі яе даволі хутка, яна зьмерзла, была зьнясіленай.

Днямі ў Лельчыцкім раёне заблудзілі 4 жанчыны. Ім было прасьцей, бо яны былі ўчатырох. Аднак усе яны ў паважаным узросьце — 73, 80, 81 год. Усё скончылася добра, жанчын знайшлі», — кажа Юлія Коўган.

Паводле афіцыйнай інфармацыі МУС, за апошнія пяць гадоў больш за тысячу жыхароў Беларусі заблудзілі падчас «ціхага паляваньня». 37 зь іх знайсьці не ўдалося.

Такія лічбы агучыў журналістам 18 ліпеня супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Дзьмітры Крукаў. А ўсяго ў Беларусі бязь вестках зьніклымі лічацца 2,5 тысячы чалавек, прычым некаторыя зьніклі 5, 10 і нават 20 гадоў таму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG