Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі распавялі, што будзе з «турыстамі», якія езьдзілі глядзець сабор у Солсбэры


Пятроў і Башыраў у студыі тэлеканалу RT

Праваахоўныя органы ў Расеі ня будуць рабіць ніякіх дзеяньняў у дачыненьні да Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава, якіх у Брытаніі абвінавачваюць у спробе забойства былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Пра гэта заявіў у пятніцу прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў. Паводле яго, яны не парушалі ніякіх законаў на тэрыторыі Расеі, і Крамлю «не вядома, што яны парушалі нейкія законы дзе-небудзь у сьвеце».

Паводле Пяскова, расейскія ўлады разгледзяць пытаньне аб допыце Пятрова і Башырава, толькі калі атрымаюць афіцыйны запыт ад Брытаніі.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна таксама сказаў, што ні ён, ні Пуцін ня бачылі інтэрвію людзей, якія назваліся Пятровым і Башыравым, тэлеканалу RT. Пры гэтым на сувязь з RT яны выйшлі — як сьцьвярджае галоўны рэдактар канала Маргарыта Сіманьян — празь некалькі гадзін пасьля таго, як Пуцін заявіў, што расейскія ўлады ведаюць, хто такія Башыраў і Пятроў, і прапанаваў ім даць інтэрвію прэсе.

У тэлеінтэрвію, якое выйшла ў эфір напярэдадні, Пятроў і Башыраў заявілі аб недатычнасьці да атручваньня Скрыпалёў. Яны сказалі, што яны — не агенты расейскіх спэцслужбаў, а бізнэсмэны, і езьдзілі ў брытанскі Солсбэры, дзе былі атручаныя Скрыпалі, як турысты, каб паглядзець на катэдральны сабор. Тое, што яны наведалі горад двойчы — 3 і 4 сакавіка — яны патлумачылі дрэнным надвор’ем у першы дзень. Яны паабяцалі паказаць фатаграфіі з Солсбэры, у прыватнасьці на фоне сабора. Як заявіла 14 верасьня Сіманьян, Пятроў і Башыраў пакуль не даслалі ёй гэтыя фатаграфіі.

Абодва расіяне 3 і 4 сакавіка трапілі на запісы камэр вонкавага назіраньня ў Солсбэры. Пры гэтым маршрут іх перамяшчэньня па горадзе, які можна рэканструяваць на падставе запісаў з камэр, сьведчыць аб тым, што яны адправіліся не да сабора, а ў раён, дзе разьмешчаны дом Сяргея Скрыпаля.

Брытанская паліцыя сьцьвярджае, што Башыраў і Пятроў нанесьлі на дзьвярную ручку дома былога агента ГРУ яд «Навічок». Паводле брытанскіх уладаў, абодва — агенты расейскай вайсковай выведкі. Іх выказваньні ў інтэрвію RT брытанскія афіцыйныя асобы назвалі хлусьнёй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG