Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг: Лукашэнка — не прарасейскі палітык, ён зразумелы для Масквы, але непрыемны асабіста і вельмі дарагі


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Ён адзначае, што нават статусныя пракрамлёўскія палітолягі збольшага ўспрымалі беларускую (дый украінскую) незалежнасьць як нейкае часовае дзівацтва, якое раней ці пазьней будзе ліквідавана, кажа, што Лукашэнка — самы пралукашэнкаўскі палітык у Беларусі, і заяўляе, што прафэсія афіцэра ў краіне вельмі дэвальваваная.

Звычайна нейкія агрэсіўныя памкненьні прыхоўваюць

— Апошнімі днямі беларуская аналітычная супольнасьць абмяркоўвае дакумэнт, які называецца «Сьвет у ХХІ ст.: прагноз разьвіцьця міжнароднага становішча па краінах і рэгіёнах». Гэта манаграфія, якую напісалі супрацоўнікі Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў МГИМО (Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС Расеі). І калі раней заявы пра тое, што Беларусь павінна разглядацца як патэнцыйны суб’ект далучэньня да Расеі, выдавалі толькі маргінальныя расейскія СМІ, то цяпер з такімі заявамі выступіла структура пры МЗС Расеі.

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

— Па-першае, давайце памятаць, што тое, пра што казаў умоўны «Рэгнум», — пра гэта думаў шмат хто ў Маскве. Нават статусныя і рэспэктабэльныя пракрамлёўскія палітолягі збольшага ўспрымалі беларускую (дый украінскую) незалежнасьць як нейкае часовае дзівацтва, якое раней ці пазьней будзе ліквідавана. Але калі раней такое было проста няёмка і непрыстойна казаць — цяпер яны пачалі адкрыта казаць, што думаюць.

Зь іншага боку, я б не перабольшваў значэньне і вагу гэтага дасьледчага цэнтру, бо гэта чарговая бюракратычная структура, створаная, каб недзе ўладкаваць канкрэтных людзей. Гаварыць, што менавіта такая пазыцыя адлюстроўвае афіцыйную палітыку Расейскай Фэдэрацыі і Крамля — не выпадае. Але, безумоўна, тое, што такія рэчы гучаць з плятформы адной зь вядучых дзяржаўных ВНУ Расеі (тым больш традыцыйна шчыльна зьвязанай зь Міністэрствам замежных спраў) — гэта праява таго, якія ідэі і думкі гуляюць ня толькі ў галовах акадэмічнай расейскай супольнасьці, але і значнай часткі расейскага высокапастаўленага чынавенства.

Я ня ўпэўнены, што лаяцца — гэта слушная рэакцыя. Слушная рэакцыя — гэта нешта рабіць

— Апошнія месяцы нарастае хваля публікацыяў у Расеі наконт таго, што Крэмль будзе праводзіць у адносінах да Беларусі новую, больш наступальную і агрэсіўную палітыку. Часам гэта прывязваюць да будучых палітычных кампаній у Беларусі, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Ці падзяляеце вы такі пункт гледжаньня?

— Я падзяляю думку, што, безумоўна, выбарчы цыкль — гэта зручны час дзеля таго, каб праводзіць такую лінію ціску на Менск, бо беларускія ўлады будуць больш уражлівыя. Але давайце ўзгадаем, што звычайна нейкія агрэсіўныя памкненьні прыхоўваюць. Калі пра іх адкрыта кажуць і пішуць у газэтах — то, хутчэй за ўсё, мы сутыкаемся ня столькі з палітычным плянам дзеяньняў, колькі з кампаніяй псыхалягічнага ціску і дэзынфармацыі.

То бок асноўная задача ўсіх гэтых публікацыяў, якія за апошні месяц перавандравалі з расейскіх СМІ другога-трэцяга парадку ў даволі рэспэктабэльныя, — гэта дэзарыентаваць беларускія ўлады, ажыцьцявіць на іх псыхалягічны ціск з мэтай атрымаць нешта значна меншае за крымскі сцэнар, але вельмі важнае для Расеі.

— Але Лукашэнка на гэтыя публікацыі рэагуе, пра што кажуць некаторыя ягоныя рэплікі. Значыць, яны дасягаюць сваёй мэты з пункту гледжаньня псыхалягічнай атакі?

— Менавіта як псыхалягічная атака на беларускае кіраўніцтва і беларускае інфармацыйнае поле — яны, безумоўна, дасягаюць сваіх мэтаў. Бо даволі складана цалкам ігнараваць тое, што піша «Коммерсантъ». Калі гэта пісалася ў нейкім «Рэгнуме» — дык халера на іх. Але «Коммерсантъ» — гэта зусім іншы ўзровень сувязяў з расейскімі ўладамі. Таму рэакцыя ёсьць, але я ня ўпэўнены, што лаяцца — гэта слушная рэакцыя. Слушная рэакцыя — гэта нешта рабіць. Пакуль што не відаць, каб беларускія ўлады зрабілі нейкія высновы з гэтай сытуацыі і пачалі рэагаваць не языком, а справамі.

У Крамлі будуць імкнуцца да максымальнага аслабленьня Лукашэнкі

— У гэтым дакладзе МГИМО, зь якога мы пачалі размову, напісана, што Маскве варта рабіць так, каб замест Лукашэнкі прыйшоў іншы, больш прарасейскі кіраўнік. Ці сапраўды ён на сёньня ў глыбінным стратэгічным сэнсе можа хоць у нечым не задавальняць Расею? Ці мэта Масквы толькі ў тым, каб патузаць, панэрваваць Лукашэнку, бо Крэмль разумее, што ён самы прарасейскі палітык у Беларусі?

— Лукашэнка — не прарасейскі палітык, Лукашэнка — пралукашэнкаўскі палітык. Ніякай асаблівай прарасейскасьці ў яго няма. Тое, што ён робіць, уся ягоная зьнешняя палітыка, накіравана толькі на захаваньне ягонай абсалютнай і неабмежаванай улады.

Лукашэнка для Крамля цалкам зразумелы, яны ведаюць, што ні на які Захад ён ня пойдзе, бо ён ня можа быць інкарпараваны ў сучасную эўрапейскую палітыку, ён чалавек цалкам неэўрапейскі і несучасны. Але праблема ў тым, што расейская палітыка апошнім часам стала вельмі суб’ектыўнай. У Крамлі, пры ўсім разуменьні Лукашэнкі, могуць пераважаць нейкія суб’ектыўныя адносіны да яго, якія якраз падштурхнуць да крокаў, накіраваных на ўмяшаньне ва ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі.

Бачна, што адносіны Пуціна і Лукашэнкі цяпер вельмі і вельмі халодныя, і цалкам магчыма, што проста на эмоцыях можа быць прынятае рашэньне, якое можа быць супраць Лукашэнкі. Але мы, на жаль, такая краіна, дзе Лукашэнка цалкам справядліва можа сказаць, што «дзяржава — гэта я». І тое, што будзе біць па Лукашэнку, можа ўдарыць і па дзяржаве.

Лукашэнка для Масквы зразумелы, але ён для іх непрыемны асабіста, непрыемны на суб’ектыўным узроўні, і, акрамя таго, ён для іх вельмі дарагі. І вельмі нязручны ў камунікацыях, бо не нахіляецца настолькі хутка і настолькі гнутка, як хацелася б Крамлю.

Пакуль што рана казаць, наколькі ў Крамлі настроеныя менавіта на адсоўваньне Лукашэнкі ад улады. Але тое, што яны настроеныя і будуць імкнуцца да максымальнага аслабленьня Лукашэнкі, каб прынамсі выбіць зь яго максымум саступак, — мне здаецца, гэта ўжо відавочна.

Сучасная моладзь, асабліва з добрай адукацыяй, ня хоча ісьці служыць у сілавыя структуры

— Ваша арганізацыя — Belarus Security Blog — шмат аналітычнай увагі аддае праблемам сілавых структураў Беларусі. На сёньня адна з самых гарачых тэмаў — здарэньні ў беларускім войску. Пра што гэта сьведчыць? Ці проста інфармацыя стала больш даступная грамадзкасьці, ці сапраўды апошнім часам гэта ўсё стала адбывацца часьцей?

— Я ня думаю, што гэта стала адбывацца часьцей, але хуткасьць распаўсюджваньня інфармацыі павялічваецца, і калі раней нейкія нэгатыўныя зьявы ўдавалася прыхоўваць, то цяпер такой магчымасьці няма. Казаць пра тое, што пачаўся нейкі абвал — па-мойму, пакуль нельга.

Але ёсьць адзін вельмі трывожны чыньнік. Прафэсія афіцэра ў Беларусі вельмі дэвальваваная. Сучасная моладзь, асабліва з добрай адукацыяй, ня хоча ісьці служыць у сілавыя структуры. Калі мы пабачым вынікі ўступнай кампаніі, летась і сёлета, — вельмі нізкія балы, нізкія конкурсы перш за ўсё ва ўстанову адукацыі Міністэрства абароны — Вайсковую Акадэмію. Ужо складана ня толькі набраць якасных кадэтаў ці курсантаў, складана проста фізычна набраць нават ня вельмі якасных курсантаў.

Таму ёсьць пагроза таго, што мы сутыкаемся і сутыкнёмся ў найбліжэйшай будучыні з праявамі маргіналізацыі і люмпэнізацыі сілавых структураў. І гэта насамрэч вялікі выклік для грамадзтва.

— «Справа Коржыча» працягваецца ўжо каля году, і можна рабіць нейкія высновы. Яна прывяла да нейкага ачышчэньня ў Міністэрстве абароны. Пэўныя загады, як паведамлялася, былі аддадзеныя, але ці падзейнічалі яны?

— Былі зробленыя крокі і арганізацыйнага пляну па рэарганізацыі сыстэмы выхаваньня і ідэалягічнай працы ў войску. Але ёсьць адна праблема. Памяняць структуру — гэта адно. А знайсьці людзей, якія могуць якасна выконваць функцыі гэтай структуры — гэта зусім іншая гісторыя.

Справа Коржыча тычыцца ня толькі войска, яна тычыцца і КДБ. Бо гэтая структура закліканая кантраляваць войска і адсочваць стан законнасьці там. Сытуацыя з Коржычам, іншымі сьмерцямі ў войску, нядаўні выпадак, калі скралі зброю ў Баранавічах — уздымае пытаньне наконт дзеяздольнасьці вайсковай контравыведкі КДБ. На сёньня даводзіцца канстатаваць, што ёсьць пытаньні і да арганізацыі структураў, і да якасьці тых кадраў, якія служаць у сілавых ведамствах.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG