Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч 30-ы раз ляціць у Карэю


Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч 14 верасьня адлятае ў Сэул.

«Мяне запрасілі на саміт былых кіраўнікоў краін, парлямэнтаў і Вярхоўных судоў. Гэты форум адбудзецца чацьвёрты раз, для мяне сёлетні ўдзел у ім стане другім», — сказаў Свабодзе спадар Шушкевіч.

Ён дадаў, што выступіць з дакладам «Патрабаваньні да лідэраў, якія займаюцца міратворчасьцю».

«Гэта зойме дзесьці каля сямі хвілін. Там вельмі шмат выступоўцаў, таму рэглямэнт для прамовы — да дзесяці хвілін».

На пытаньне Свабоды, колькі разоў раней ён быў у Рэспубліцы Карэя, экс-старшыня беларускага парлямэнту адказаў, што гэта будзе ягоная 30-я паездка.

«Хай вас не зьдзіўляе такая лічба. Справа ў тым, што з 1992 году ў Сэуле штогод праводзіцца канфэрэнцыя па аб’яднаньні дзьвюх Карэй. Плюс да гэтага я наведваў Рэспубліку Карэя з чытаньнем лекцый».

Станіслаў Шушкевіч кажа, што яму вельмі падабаецца Рэспубліка Карэя.

«Там людзі жывуць пад лёзунгам: „Няма бедных сярод адукаваных“. І таму ўсе бацькі імкнуцца, каб іх дзеці вырасьлі адукаванымі. Веды там — у прыярытэце».

Наведваньне Сэула для Шушкевіча — яшчэ і магчымасьць пабачыць тое, што ён сам называе «тэхнічнымі цудамі».

«Там я часам дзіву даваўся. Заўсёды стараюся пазнаёміцца зь нейкімі новымі тэхналягічнымі дасягненьнямі. Гэта мне цікава як фізыку».

Архіўнае фота. Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, фота Ул. Сапагова. 1993 год
Архіўнае фота. Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, фота Ул. Сапагова. 1993 год

А вось у Паўночнай Карэі пабыць Шушкевічу пакуль так і не давялося.

«На яе я глядзеў толькі праз дэмілітарызаваную зону», — удакладняе палітык.

У Рэспубліцы Карэя Станіслаў Шушкевіч з жонкай Ірынай прабудуць тыдзень.

«Звычайна мы ляцім туды зь Менску праз Франкфурт. А сёлета — праз Маскву „Аэрафлётам“. І гэта дрэнна. Бо мы маем мінулагодні досьвед перасячэньня мяжы так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, калі таксама ляталі ў Рэспубліку Карэя. На зваротным шляху давядзецца рабіць „растаможку“ ў Маскве і зноў садзіцца на рэйс у Менск. Гэта такі ідыятызм так званай Саюзнай дзяржавы».

9 верасьня ў Менску праходзіў справаздачна-выбарны зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады — партыі, якую ачольвае Шушкевіч. Станіслаў Станіслававіч у гэты час быў у шпіталі. Дэлегатаў зьезду ён прывітаў праз тэлефон.

«Так, я сапраўды крыху прыхварэў. Але справы пайшлі на папраўку. Таму і лячу пад наглядам жонкі ў Сэул», — удакладніў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч — першы кіраўнік незалежнай Беларусі (старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь), адзін з трох удзельнікаў падпісаньня Белавескіх пагадненьняў, якія юрыдычна замацавалі распад СССР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG