Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь укладзе 5,5 млн рублёў у акцыі кампаніі меркаванага экс-прэм’ера Кіргізстану


Кіраўнік БНБК Данііл Урыцкі (у цэнтры), архіўнае фота
Кіраўнік БНБК Данііл Урыцкі (у цэнтры), архіўнае фота

Савет Міністраў Беларусі даручыў Міністэрству фінансаў унесьці 5,506 млн рублёў у статутны фонд ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя».

Грошы накіраваныя на набыцьцё акцый «у пэрыяд правядзеньня закрытай падпіскі». Пастанову падпісаў прэм’ер-міністар Сяргей Румас.

Ці гэта ўсе акцыі, ці толькі нейкая частка, не ўдакладняецца. У канцы траўня сьцьвярджалася, што ўвесь статутны фонд прадпрыемства складаў 10 млн даляраў (каля 20 млн рублёў — у 4 разы больш за цяперашні ўнёсак дзяржавы).

Паводле зьвестак Naviny.by, 33% акцый БНБК раней меў Менаблвыканкам, 27% і 25% адпаведна маюць канадзкія Biotech Agriculture International Inc. і Agro Industries International Inc., зарэгістраваныя па адным і тым жа адрасе, а 15% мае расейская «Випен-Инвест».

БНБК, паводле афіцыйных зьвестак, рэалізуе інвэстыцыйны праект па высокатэхналягічнай аграпрамысловай вытворчасьці, перапрацоўцы насеньня з атрыманьнем амінакіслотаў. Агульныя затраты на праект ацэньвалі ў 733 млн даляраў (спачатку гаворка ішла пра 1 млрд).

Як піша БелаПАН, БНБК узначальвае Данііл Урыцкі — чалавек, у якім улады Кіргізстану пазналі былога прэм’ера Даніяра Ўсенава, завочна асуджанага там на пажыцьцёвае зьняволеньне. Сам ён гэта адмаўляе. МУС адмовіўся камэнтаваць Свабодзе беларускі пашпарт меркаванага экс-прэм’ера Кіргізстану.

Былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў пасьля падзеяў 2010 году таксама ўцёк у Беларусь, цяпер жыве ў Менску. Ягоны сын Максім Бакіеў жыве ў Лёндане. Брат Курманбека Бакіева, экс-старшыня Службы дзяржаўнай аховы Жаныш Бакіеў асуджаны судом на пажыцьцёвае зьняволеньне. Паведамляецца, што ён цяпер у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG