Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ў нас дзіця ўкралі». Сям'я спрабуе вярнуць аднагадовага сына


Сям'я зь Менску, якую пазбавілі бацькоўскіх правоў, спрабуе вярнуць сына Ванечку з Дома дзіцяці № 1. Свабода разьбіралася ў сытуацыі.

Вольга Канатоўская штодня езьдзіць у Дом дзіцяці № 1 да свайго сына (раней дазваляліся толькі два спатканьні на тыдзень). Ванечку 26 верасьня будзе год і два месяцы. Яго забралі ў дом дзіцяці ў лістападзе мінулага году, маці Заводзкі суд Менску пазбавіў бацькоўскіх правоў. Пасьля таго як гэтае рашэньне было абскарджана, Менскі гарадзкі суд пазбавіў бацькоўскіх правоў і грамадзянскага мужа Вольгі Дзьмітрыя Волкава.

«Суд прайшоў вельмі хутка, — кажа Вольга Канатоўская. — Было даволі сьведак, прыходзілі з працы, начальнік участку. Суседзі далі характарыстыку. Але ўсе гэтыя паказаньні яны проста не залічылі. І ў мяне складаецца ўражаньне, што маё дзіця проста некаму спадабалася і, магчыма, яму падшукалі бацькоў і хочуць ім аддаць».

Вольга Канатоўская
Вольга Канатоўская

«Дзіця было і адзетае, і абутае, і чысьценькае»

Вольга Канатоўская працуе дворнікам у ЖЭУ № 1 Заводзкага раёну. Бацька Ванечкі, Дзьмітры Волкаў — токарам на прадпрыемстве «Экавуд». Жывуць на кватэры разам з бацькамі.

«Колькі вунь дзяцей адмоўнікаў. Чаму іх ніхто не ўсынаўляе? Дык давайце папаўняць дзіцячыя дамы. Маё дзіця наагул ні ў чым ня мела патрэбы. Было і адзетае, і абутае, і чысьценькае. У яго дагэтуль ляжаць дома і рэчы навырост, і пампэрсы, і ложачак стаіць, усё чысьценька. Мне так і сказала дырэктар СПЦ (сацыяльна-пэдагагічны цэнтар. — РС) — калі б крыху старэйшы быў, то і не паехалі б на гэты выклік. Яны вось прычапіліся», — кажа маці Ванечкі.

«Дык давайце забіраць дзяцей ва ўсіх судзімых»

Пасьля таго як забралі сына, Вольга зьвярталася да псыхолягаў, каб, як яна кажа, «не налажыць на сябе рукі».

«Мне ў той момант працаваць не хацелася, жыць не хацелася, — кажа Вольга. — Прычапіліся, прагулы ў мяне знайшлі, потым судзімасьці, што былі 6 гадоў таму. Дык давайце забіраць дзяцей ва ўсіх судзімых. Тады праз аднаго давядзецца забіраць дзяцей».

Вольга кажа, што ў той дзень, калі забралі Ванечку, яны былі ў гасьцях, на дні нараджэньня ў кумы. Разам сядзелі за сталом на кухні, а дзіця спала ў вазку ў асобным пакоі.

Вольга ідзе на спатканьне з сынам
Вольга ідзе на спатканьне з сынам

«Яны ў нас дзіця ўкралі. Яны прыйшлі, маё дзіця ціхенька закруцілі і вынесьлі. Я дагэтуль ня ведаю, як яны даведаліся, што мы былі там. Прыбегла сяброўчына старэйшая дачка і сказала — цёця Оля, Ваню забралі. Тады мой муж рынуўся ў залю, а Вані ўжо не было. У гэты час зайшла міліцыя, і мой муж пачаў зь ёй змагацца. Гэты міліцыянт ніякіх прэтэнзій ня меў і на судзе сказаў, што паступіў бы гэтак жа», — сказала Вольга.

Пасьля гэтага інцыдэнту на Дзьмітрыя Волкава завялі крымінальную справу за супраціў міліцыі і далі два гады «хатняй хіміі».

«Сэрца баліць, я не магу»

«Я цяпер штодня ежджу да сына. Мне даюць гадзіну пагуляць зь ім на вуліцы. Муж працуе, у яго «хімія» і ён павінен пасьля працы адразу дахаты. Я прыяжджаю, сын мяне ведае і адразу просіцца на рукі. Ходзім зь ім за ручку, гуляем. Сэрца баліць, я не магу. Дома глядзіш дзіця, як сама ведаеш, а тут — ня дай Бог упаў, сэрца замірае. А ён сам хоча хадзіць і адпускае руку», — кажа Вольга.

Паводле Вольгі, у дзіцячым доме ёй прапанавалі падпісаць паперу, што яна ня супраць усынаўленьня, калі яна хоча і надалей наведваць сына. Яна падпісала, але бацька не падпісаў.

Суды супраць бацькоў

11 жніўня 2017 году рада па прафіляктыцы сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру прызнала, што Ванечка знаходзіцца «ў сацыяльна небясьпечным становішчы». Падставай стала тое, што Вольга была пазбаўленая бацькоўскіх правоў адносна старэйшай дачкі Ірыны.

Дачцэ ўжо 17 гадоў. Яна шмат разоў езьдзіла на аздараўленьне за мяжу ў Італію, плянуе там застацца ў прыёмнай сям’і. Вольга вырашыла ёй не перашкаджаць.

Пазбаўленьне бацькоўскіх правоў 12 гадоў таму грунтавалася на тым, што Вольга была асуджаная і не было сваякоў, якія маглі б апекавацца дачкой.

Што да сына, то 11 кастрычніка 2017 году камісія па справах непаўналетніх прызнала, што ён мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Ванечку забралі зь сям’і і зьмясьцілі ў Дом дзіцяці. Маўляў, бацькі «злоўжывалі сьпіртовымі напоямі, вялі асацыяльны лад жыцьця». Вольга Канатоўская кажа, што летась прайшла неабходнае лекаваньне, а сёлета ў сакавіку са сваёй ініцыятывы, платна прайшла яшчэ спэцыяльны курс лекаваньня праз увядзеньне дэсэнсыбілізуючага прэпарата тэрмінам дзеяньня на адзін год.

20 жніўня 2018 году Заводзкі суд Менску пазбавіў яе бацькоўскіх правоў. Рашэньне грунтавалася на тым, што Вольга была на ўліку ў наркалягічным дыспансэры. Аднак яна кажа, што на ўлік трапіла 15 гадоў таму аўтаматычна, бо злачынства, за якое яна была асуджана, было ўчынена ў стане алькагольнага ап'яненьня. Потым ня ведала, што пасьля вызваленьня ў 2012 годзе ёй неабходна адзначацца ў дыспансэры. А для зьняцьця з уліку трэба адзначацца цягам трох гадоў.

Таксама Вользе прыпомнілі два прагулы. Тады яна ня выйшла на працу з прычыны моцных сьнегападаў.

Большая частка пазову супраць Вольгі пералічвае станоўчыя факты. Аднак суд вырашыў, што «станоўчыя зьмены ў паводзінах адказчыцы маюць непрацяглы пэрыяд часу і ня могуць сьведчыць пра тое, што апошняя цьвёрда стала на шлях выпраўленьня».

Паводле Вольгі, суд абмінуў увагай заключэньне, якое даў Дом дзіцяці № 1 — пра тое, што лічыць магчымым вярнуць дзіця бацькам.

Заводзкі суд пазбавіў Вольгу бацькоўскіх правоў, аднак адхіліў аналягічны пазоў супраць яе мужа.

Вольга беспасьпяхова абскардзіла рашэньне ў Менскі гарадзкі суд, які пазбавіў бацькоўскіх правоў ужо і Дзьмітрыя.

«Заключэньне грунтавалася на падставе ладу жыцьця»

Намесьніца начальніка аддзелу выхаваўчай, ідэалягічнай працы і аховы дзяцінства ў адміністрацыі Заводзкага раёну Тацяна Багучунус ня стала падаваць падрабязнасьці справы ў размове з карэспандэнтам Свабоды. Яна спаслалася на тое, што рашэньне аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў прымаў суд.

Вольга каля Дома дзіцяці
Вольга каля Дома дзіцяці

«Мы давалі заключэньне. Але гэта ўсё было ў рамках судовага паседжаньня. Яны аспрэчылі ў гарадзкім судзе. У іх усё засталося ў сіле. Якія зьявіліся пытаньні? Што, два суды незаконна прынялі рашэньне?»

Паводле Тацяны Багучунус, іх заключэньне грунтавалася на «падставе ладу жыцьця, які вяла мама, і адносінаў да дзіцяці». Што мелася на ўвазе, Тацяна Багучунус не патлумачыла.

Вольга змагаецца за сына, наняла адвакатку

Паўтара месяца таму Вольга Канатоўская зьвярнулася да адвакаткі Вольгі Савіч, каб абскардзіць пазбаўленьне бацькоўскіх правоў.

«Яна ператэлефанавала ў той жа дзень. Прыйшла жанчына абсалютна цьвярозая, сьціпла апранутая. Яна сказала, што тройчы прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці, вызвалілася 6 гадоў таму. І пасьля гэтага ніякіх эксцэсаў не было. Яна пазнаёмілася з гэтым мужчынам, і ў яго гэта першае дзіця. Ён не судзімы, працуе токарам. Ніякага нэгатыву не было. Тры месяцы дзіця было ў сям’і, і апека лічыла, што яна можа гэтае дзіця выхоўваць», — сказала адвакатка.

Паводле адвакаткі, зь месца працы Вольгі Канатоўскай, а працуе яна там доўга, характарыстыка выключна станоўчая.

«Напісана, што яна ніводнага разу не зьяўлялася ў стане алькагольнага ап'яненьня на працы».

«Гэтай сям’і павінны былі даць шанец»

Адвакатка лічыць, што падставы для пазбаўленьня бацькоўскіх правоў Вольгі Канатоўскай фармальныя і гэтай сям'і павінны былі даць шанец. Але суды прайшлі вельмі хутка.

«Іх наведваў участковы па месцы жыхарства, і яны заўсёды былі цьвярозыя. Адзначалася, што ў пакоі чыста і акуратна. І ўчастковы казаў, што хадайнічае, каб вярнулі дзіця ў сям’ю. І дом-інтэрнат, куды яна пастаянна ходзіць, носіць пампэрсы, таксама хадайнічаў, каб дзіця вярнулі ў сям'ю. Ніхто пра гэта ня кажа і нічога не адбываецца», — распавядае Вольга Савіч.

Былі два выпадкі, калі Вольгу Канатоўскую абвінавацілі ва ўжываньні алькаголю. Калі жанчына прынесла дзіця ў паліклініку на прышчэпку, ёй сказалі, што яна нібыта ў стане алькагольнага ап'яненьня.

«Яна кажа: што вы прыдумалі? Бярэ дзіця, сыходзіць, за яе заступаецца муж. І ў мужа ўзьнікае канфлікт з супрацоўнікамі паліклінікі. Далей, кажа, яе выклікаў участковы — маўляў, калі хочаце, каб у мужа была праблема, то яна будзе. Таму напішыце, што хаця б выпілі джын-тонік, нас гэта задаволіць. Яна гэта піша, але асьведчаньня не было. Яе прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап'яненьня».

На дні нараджэньня ў кумы натуральна, ужываўся алькаголь. І калі ў гэты момант невядома як зайшлі прадстаўнікі апекі з участковым і забіралі дзіця, то муж Вольгі спрабаваў перашкодзіць.

«На яго пачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку міліцыі. Таксама прыцягваюць да адказнасьці Вольгу другі раз, за тое, што яна была ў стане алькагольнага ап'яненьня. Мужа — першы раз. Яна сказала, што прыбор паказаў адно праміле з хвосьцікам, а яны напісалі два. То бок яны павялічылі на адзінку. У іх адбіраюць дзіця», — кажа адвакатка.

Цяпер бацькі Ванечкі рыхтуюцца абскардзіць рашэньне суду ў парадку нагляду. Шанец вельмі невялікі, лічыць адвакатка.

«Тым больш што пакуль мы дойдзем да Вярхоўнага суду, нам трэба атрымаць адказ старшыні гарадзкога суду. Але дзіця за гэты час могуць лёгка ўсынавіць, і мы тады наагул ня знойдзем ніякіх канцоў», — кажа Вольга Савіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG