Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея магла паўплываць на зьмену ўраду ў Польшчы


Ярослаў Качыньскі, лідэр Права і справядлівасьці, выступае з прамовай пасьля выйграных парлямэнцкіх выбараў, 25 кастрычніка 2015
Ярослаў Качыньскі, лідэр Права і справядлівасьці, выступае з прамовай пасьля выйграных парлямэнцкіх выбараў, 25 кастрычніка 2015

Польскі тыднёвік Polityka напісаў, што ў скандал з праслухоўваньнем уплывовых палітыкаў кіроўнай Грамадзянскай плятформы ў 2014 годзе былі замешаныя расейскія спэцслужбы.

Паводле тыднёвіка, бізнэсмэн Марэк Фалента, якога ў 2016 годзе асудзілі на 2,5 году турмы за арганізацыю гэтага праслухоўваньня, быў вінаваты каля 20 мільёнаў даляраў адной расейскай кампаніі з вугальнай прамысловасьці. Журналісты Polityki лічаць, што Фалента, арганізуючы праслухоўваньне і публікуючы аўдыёзапісы, такім чынам сплаціў гэты доўг расейцам.

У чэрвені 2014 году польскі тыднёвік Wprost апублікаваў запісы размоваў, зробленыя патаемна ў варшаўскай рэстарацыі «Sowa & Przyjaciele», у якіх удзельнічалі, сярод іншых, тагачасныя міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, кіраўнік нацыянальнага банку Марэк Бэлька, міністар унутраных справаў Бартломей Сянкевіч і былы міністар фінансаў Яцэк Растоўскі.

Паводле шмат якіх наглядальнікаў польскай палітычнай сцэны, публікацыя гэтых аўдыёзапісаў паўплывала на гвалтоўную страту папулярнасьці Грамадзянскай плятформы і выбарчы выйгрыш Права і справядлівасьці ў 2015 годзе.

Polityka свой артыкул пра «расейскі сьлед» у скандале з праслухоўваньнем заканчвае наступным чынам:

«Справай аўдыёзапісаў пакарысталіся ўсе найважнейшыя гульцы, сьляды якіх можна адшукаць у гэтым скандале: Права і справядлівасьць прыйшло да ўлады на гарбе крывавячай Грамадзянскай плятформы, расейцы абрынулі непрыхільны ім праэўрапейскі ўрад. А Фалента? За запіс палітыкаў суд асудзіў Фаленту на 2,5 году турмы. Але бізнэсмэн да сёньняшняга дня не пачаў адседкі. З судовых дакумэнтаў, да якіх дайшла Polityka, вынікае, што Фалента лечыцца. Яшчэ ў траўні ён прабываў у адной з псыхіятрычных клінік.»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG