Намесьніку дырэктара Цэнтру польска-расейскага дыялёгу, польскаму гісторыку Лукашу Адамскаму забаранілі ўезд у Расею. Пра гэта ён паведаміў у фэйсбуку.
Па словах Лукаша Адамскага, ён ехаў у расейскі горад Сьветлагорск на адкрыцьцё польска-расейскага дзіцячага футбольнага турніру. Пры праходжаньні мяжы праз памежны пераход ён атрымаў дакумэнт, у якім сказана, што ФСБ прызнала яго «пагрозай для абараназдольнасьці, нацыянальнай бясьпекі ці грамадзкага парадку Расейскай Фэдэрацыі».
Адамскі напісаў, што ўезд у Расею яму забаронены да сакавіка 2021 году.
У лістападзе мінулага году ФСБ затрымала і выправадзіла з Расеі польскага гісторыка, прафэсара кракаўскага Ягелонскага унівэрсытэта Хенрыка Глямбоцкага. Так расейскія ўлады адказалі на рашэньне Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы аб дэпартацыі новасібірскага прафэсара Дзьмітрыя Карнаухава. Яго абвінавацілі ў «прарасейскай прапагандзе» і ўдзеле ў «гібрыднай вайне супраць Польшчы».