Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатка: галадоўнік у крымскім ізалятары не атрымлівае мэдычнай дапамогі


Уладзімір Балух, 2 ліпеня 2018

Крымскі актывіст Уладзімір Балух, які ўжо некалькі месяцаў трымае галадоўку ў ізалятары гораду Сімфэропаль, не атрымлівае мэдычнай дапамогі. Стан здароўя асуджанага пагаршаецца — у яго моцныя болі ў печані, паведамляе выданьне «Медиазона» са спасылкай на адвакатку Вольгу Дзінзэ.

Паводле яе, на Балуха аказваецца ціск «зьняважлівымі спосабамі». «У сімфэропальскім сьледчым ізалятары № 1 мэдычная дапамога нікому не аказваецца. Ні мэдычная, ні псыхалягічная дапамога», — заявіла Дзінзэ.

Раней намесьнік старшыні Мэджлісу крымскататарскага народу Ахтэм Чыйгоз заявіў, што кіраўніцтва сімфэропальскага СІЗА шукае фармальнай нагоды, каб адправіць Балуха у карцэр.

Уладзімір Балух абвясьціў бестэрміновую галадоўку 19 сакавіка праз нязгоду з судовым перасьледам, які называе сфальшаваным. Адвакат Дзінзэ заявіла, што ўкраінскі актывіст за час галадоўкі страціў 30 кг вагі.

Суд у Крыме прызнаў Балуха вінаватым у захоўваньні боепрыпасаў і асудзіў яго да 3 гадоў 5 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні, а таксама да штрафу ў памеры 10 тысяч расейскіх рублёў (каля 300 беларускіх).

Іншую справу супраць актывіста пачалі пасьля заявы начальніка ізалятара часовага ўтрыманьня ў пасёлку Раздольнае Валерыя Ткачэнкі, які сьцьвярджае, што Балух яго зьбіў. Пры гэтым сам актывіст і ягоная абарона заяўляюць, што гэта Ткачэнка напаў на яго.

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі затрымала Ўладзіміра Балуха 8 сьнежня 2016 году. Супрацоўнікі ФСБ сьцьвярджалі, што знайшлі на гарышчы дома, дзе жыве Ўладзімір Балух, 90 патронаў і некалькі трацілавых шашак.

Абарона Балуха і праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ён стаў ахвярай рэпрэсій за сваю праўкраінскую пазыцыю — праз сьцяг Украіны, які знаходзіўся ў двары яго дома.

Расейскі праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў Балуха палітвязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG