Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да жанчыны-інваліда з Гомля, якой дапамагае Алексіевіч, прыходзіў АМАП


Увечары 4 верасьня да жанчыны-інваліда Натальлі Васіленкі, якая неаднаразова распачынала галадоўкі на знак пратэсту супраць малой пэнсіі па інваліднасьці, прыйшлі супрацоўнікі АМАП. Жыхарцы Гомля паведамілі, што яна падобная па прыкметах на злачынцу, які абрабаваў мінака ў цэнтральным гомельскім парку.

«Сказалі, што зь нейкага мужчыны сёньня ў парку невядомы злачынец зьняў вопратку. І я падобная на злачынцу», – удакладніла Натальля.

У яе зьбіраліся правесьці вобшук. Таксама АМАП заявіў, што жанчыну-інваліда павязуць у Цэнтральны РАУС на апазнаньне. Потым іншыя міліцыянты прывезьлі да Натальлі дахаты «пацярпелых». Але аказалася, што «пацярпеў» не мужчына, а тры дзяўчыны. Тыя сказалі, што абрабавала іх не Натальля.

Тым часам да жыхаркі Гомля прыехалі незалежныя журналісты. У гэты момант якраз праходзіла «апазнаньне». Трое дзяўчат не прызналі ў Натальлі «рабаўніцу», і міліцыя пайшла.

«Спачатку ад мяне, так бы мовіць, пацярпеў нейкі мужчына, якога я нібыта распранула ў парку. Потым на апазнаньне як пацярпелых прывезьлі трох дзяўчат. Гэта цырк нейкі. Так улада аказвае ціск на такіх людзей, як я, якія не маўчаць», – пракамэнтавала Свабодзе Натальля Васіленка.

Шматкватэрнік на вуліцы Жукава, дзе Васіленка мае пакой
Шматкватэрнік на вуліцы Жукава, дзе Васіленка мае пакой

Натальля лічыць, што пазьбегнуць гвалтоўнага затрыманьня ёй удалося дзякуючы хуткаму прыезду незалежных журналістаў.

«Каб не прыехалі журналісты, можа, мяне некуды б зьвезлі, як і зьбіраліся», — дадала Натальля.

Летась праз пазыкі па камунальных плацяжах камунальныя службы хацелі выселіць жанчыну з арэнднага пакою. У справу ўмяшалася грамадзянская супольнасьць і нобэлеўскі ляўрэат Святлана Алексіевіч. Пазыкі былі сплачаны, Натальлю не выселілі. Святлана Алексіевіч штомесяц фінансава дапамагае жанчыне-інваліду. Натальля мае невялікую пэнсію – каля 120 рублёў. Зь іх яна плаціць за арэнду пакою, камунальныя паслугі і нятанныя лекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG