Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі ўспомнілі пра жанчыну-інваліда, пасьля таго як ёй вырашыла дапамагчы Сьвятлана Алексіевіч


Сьвятлана Алексіевіч

Сацыяльныя службы і мэдыкі праявілі цікавасьць да лёсу жанчыны-інваліда з Гомля Натальлі Васіленкі, якой пагражалі высяленьнем на вуліцу за неаплату камунальных паслуг. Гэта адбылося пасьля таго, як пісьменьніца Сьвятланы Алексіевіч сказала, што гатовая дапамагчы Васіленцы.

22 траўня ў Гомлі павінна было адбыцца чарговае пасяджэньне суду Савецкага раёну па высяленьні. Аднак КЖРЭУП «Савецкае» пасьля выплаты асноўнай часткі доўгу (375 рублёў) адмовілася спаганяць пеню (больш за 500 рублёў) і адклікала з суду пазоў. Асноўную частку доўгу за камунальныя паслугі аплацілі неабыякавыя людзі.

Пасьля публікацыі ў СМІ многія людзі вырашылі дапамагчы жанчыне — яе наведвалі, дапамагалі фінансава, тэлефанавалі.

«Няма слоў, каб выказаць маю ўдзячнасьць усім людзям, якія ня кінулі мяне адну і аказалі неабходную дапамогу. Я кажу, што мне выратавалі жыцьцё ў прамым сэнсе, таму што нават на лекі ў мяне не было грошай пры пэнсіі ў 75 рублёў», — сказала жыхарка Гомля.

Пасьля заявы ў прэсе нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч на праблемы жанчыны-інваліда зьвярнулі ўвагу таксама сацыяльныя службы і мэдыкі.

«З паліклінікі прыйшлі і прапанавалі прайсьці бясплатную рэабілітацыю пасьля інсульту ў бальніцы, у асобнай палаце, і нават сказалі, што машыну па мяне прышлюць. Хоць раней адмаўлялі, казалі, што ніякая рэабілітацыя мне не прапісаная, прапаноўвалі прайсьці яе платна. Прыйшлі таксама з цэнтру занятасьці, сталі прапаноўваць працу на выбар. Мне давялося аджартавацца, што хачу працаваць пілётам прэзыдэнцкага „Боінга“. Бо на ніводную працу мяне ня возьмуць па стану здароўя, — я не адзін раз спрабавала ўладкавацца, але з прычыны абмежаваньняў Міністэрства аховы здароўя не прайшла камісію нават перабіраць гародніну», — кажа Васіленка.

Паводле яе слоў, з цэнтру занятасьці паабяцалі дапамагчы з працай пасьля праходжаньня рэабілітацыі ў бальніцы і нават абяцалі купіць будматэрыялы на рамонт пакоя.

За доўг па камунальных плацяжах жанчыну хацелі выселіць з арэнднага пакоя плошчай 17 квадратных мэтраў без прадстаўленьня іншага жыльля — гэта значыць, фактычна на вуліцу. У Васіленкі трэцяя працоўная група інваліднасьці пры шматлікіх праблемах са здароўем (эпілепсія, падвышаны ціск, парок сэрца, інсульт, праблемы з ныркамі). Сваякоў у яе няма.

XS
SM
MD
LG