Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Барані ачысьцілі завод, дзе Лукашэнка бачыў «дохлых пацукоў, прэзэрватывы і наркату». ФОТА


Пасьля скандальнага візыту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Аршанскі раён на адным з скрытыкаваных ім прадпрыемстваў узяліся выпраўляць сытуацыю. І вывезьлі заводзкае ламачча на стыхійную звалку за горадам. На падпаленую звалку зьвярнулі ўвагу мясцовыя жыхары.

Усё пачалося зь візыту Лукашэнкі

У сярэдзіне жніўня падчас працоўнай паездкі ў Аршанскі раён Аляксандар Лукашэнка наведаў і баранскі завод «Тэхніка сувязі», які падпарадкоўваецца Дзяржкамваенпраму і ўваходзіць у холдынг «Геаінфармацыйныя сыстэмы кіраваньня». Кіраўнік Беларусі скрытыкаваў аршанскія прадпрыемствы за безгаспадарнасьць і зрыў ягоных даручэньняў, заявіўшы, што бачыў на «Тэхніцы сувязі» «дохлых пацукоў, мышэй, прэзэрватывы і іншую наркату».

Вынікам паездкі стала адстаўка кіраўніцтва раёну, Дзяржкамваенпраму, а ўрэшце і ўраду. Страціла пасаду і дырэктарка «Тэхнікі сувязі» Валянціна Вішнеўская. Ужо два дні прадпрыемствам кіруе Андрэй Фамін, сказалі Свабодзе ў адміністрацыі.

«Стаіць смурод, усе ведаюць, але начальства нічога ня робіць»

​Новае кіраўніцтва Дзяржкамваенпраму адразу паабяцала, што недахопы, якія Лукашэнка выявіў у ААТ «Тэхніка сувязі», будуць ліквідаваныя да кастрычніка.

Цягам апошніх тыдняў жыхары Барані заўважылі, што на стыхійны сьметнік пад горадам вывозяцца тоны ламачча нібыта з заводу «Тэхніка сувязі»: старая мэбля, шкло, вокны, электратэхнічная прадукцыя.

Стыхійная звалка займае каля 5 тысяч квадратных мэтраў адразу за горадам. Як паведамілі Свабодзе месьцічы, яна паўстала яшчэ за савецкім часам, але ў апошнія гады актыўна не выкарыстоўвалася — пад Бараньню, за 10 кілямэтраў ад Воршы, ёсьць санкцыянаваны палігон цьвёрдых адкідаў.

«Ужо некалькі дзён у горадзе стаіць смурод — гараць адкіды, плястмаса, вывезеныя з прадпрыемства „Тэхніка сувязі“ пасьля візыту Лукашэнкі, — сказаў Свабодзе жыхар Барані Алег Якаўлеў. — Што вывезьлі адтуль, няма сумневу: у кучах друзу і сьмецьця раскіданыя дакумэнты прадпрыемства. Нехта зь мясцовых сьцягнуў сабе старыя крэслы, сталы, іншую мэблю. А цяпер па звалцы ходзяць тыя, хто зьбірае мэталалом ці макулятуру».

Паводле суразмоўцы, «увесь горад ведае — значыць, ведае і начальства. Але нічога ня робіць, сьмецьця толькі большае».

Завод: «Мы нічога туды не вывозім»

Галоўны інжынэр заводу «Тэхніка сувязі» Дзяніс Багамаз запэўніў карэспандэнта Свабоды, што завод не вывозіць адкіды на звалку пад Бараньню.

«У вас недакладная інфармацыя. Мы нічога туды не вывозім. Мэблю мы спальваем у кацельных як паліва, а ёсьць яшчэ палігон Беліва ў Воршы. Калі адкіды шкляныя, дык вывозім на спэцаўтабазу. Хто што вывозіць на палігон пад Бараньню, мне невядома», — сказаў галоўны інжынэр «Тэхнікі сувязі».

Старшыня Баранскага гарвыканкаму Натальля Хмялёва адказала, што ў горадзе звалкі адкідаў няма. «А тое, што адбываецца за тэрыторыяй гораду, я не магу камэнтаваць», — сказала яна. Пры гэтым прызнала, што ў курсе сытуацыі са звалкай адкідаў пад горадам.

«Сёньня пра гэта ўжо ўся Барань ведае», — сказала чыноўніца.

Ці ўзгадняла прадпрыемства «Тэхніка сувязі» з гарадзкімі ўладамі пытаньне пра вываз бытавых адкідаў на звалку пад горадам?

Старшыня гарвыканкаму Барані гэта адмаўляе. Паводле спадарыні Хмялёвай, выканкам ня мае дачыненьня да дамоваў паміж прадпрыемствамі аб вывазе бытавых адкідаў.

«Магу сказаць адзінае, што ўсе прадпрыемствы і арганізацыі заключаюць дамовы на вываз сьмецьця. Але з кім заключала дамову прадпрыемства „Тэхніка сувязі“ — можна даведацца толькі ў іх».

Дзяржаўныя эколягі: «Гэта дакладна зрабіў завод»

У Аршанскай гарадзкой і раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Свабодзе заявілі, што несанкцыянаваныя адкіды на звалку пад Бараньню вазілі з «Тэхнікі сувязі», і адносна гэтага прадпрыемства ўжо прымаюцца адпаведныя меры.

«Гэта дакладна зрабіў завод „Тэхніка сувязі“, мы гэта высьветлілі. Цяпер складаецца адміністрацыйны пратакол і будзе выпісаны штраф на завод як на юрыдычную асобу», — сказаў Алег Садковіч, намесьнік начальніка інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Воршы і Аршанскага раёну.

Паводле яго, цяпер высьвятляецца, чаму завод гэта зрабіў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG