Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскі банк разьвіцьця пагоршыў ацэнку росту ВУП Беларусі у 2019 годзе, чакае росту інфляцыі


Экспэрты Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) прагназуюць запаволеньне тэмпаў росту ВУП Беларусі ў 2019 годзе больш як у два разы — да 1,7% з чаканых у 2018 годзе 3,8%. Прагноз асноўных макраэканамічных паказьнікаў Беларусі ўтрымліваецца ў абноўленым макрааглядзе, які апублікаваў ЭАБР.

Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за год ва ўсіх галінах эканомікі.

Экспэрты банку пагоршылі ацэнку росту ВУП Беларусі на 2019 год у канцы жніўня да 1,7%. Яшчэ ў чэрвені 2018 году экспэрты прагназавалі рост ВУП у 2019 годзе на ўзроўні 1,9% у параўнаньні з папярэднім годам, а ў лютым прагноз быў 2,1%.

У 2020 годзе, паводле абноўленага прагнозу, эканоміка Беларусі можа вырасьці на 2,1%.

У дакладзе адзначаецца, што рост ВУП Беларусі на ўзроўні 3,8% у 2018 годзе — самы высокі з 2011 году. Пры гэтым рост беларускай эканомікі на ўзроўні 2% адпавядае яе патэнцыйнаму ўзроўню, мяркуюць аналітыкі.

Экспэрты банку чакаюць, што інфляцыя ў Беларусі ў 2019 годзе вырасьце да 5,3% — з 5,1%, якія чакаюцца ў 2018-м. У 2020 годзе ЭАБР прагназуе зьніжэньне росту спажывецкіх цэн у Беларусі да 4,9%.

ВУП Беларусі вырас на 4,5% за першае паўгодзьдзе 2018 году да аналягічнага леташняга пэрыяду, згодна са зьвесткамі Белстату. Па мэтавым прагнозе беларускіх уладаў, у 2018 годзе прырост ВУП павінен скласьці ня менш за 3,5%.

У красавіку 2018 году Міжнародны валютны фонд палепшыў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2018 годзе: 2,8% замест раней акрэсьленых 0,7%. Паводле прагнозу МВФ, у 2019 годзе ВУП Беларусі складзе 2,4%. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер — ня большай за 6%.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця чакае, што беларуская эканоміка ў 2018 годзе вырасьце на 3%. Усясьветны банк прагназуе рост ВУП на 2,9% у 2018 годзе, 2,7% — у 2019-м і 2,5% — у 2020 годзе.

​На 2018 год прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу росту ВУП на 3,5%. У 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,4%. Прагноз росту на 2017 год быў меншы — 1,7%. ВУП Беларусі падаў два гады запар: мінус 3,8% за 2015 год, мінус яшчэ 2,5% за 2016-ты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG