Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі дзяцей, якія не прайшлі на дзіцячую «Эўравізію», патрабуюць адкрыць пратаколы галасаваньня


Сёлета «Менск-Арэна» стане пляцоўкай дзіцячай «Эўравізіі-2018»
Сёлета «Менск-Арэна» стане пляцоўкай дзіцячай «Эўравізіі-2018»

Родныя і настаўнікі фіналістаў нацыянальнага адбору дзіцячай «Эўравізіі-2018» зьвярнуліся ў Белтэлерадыёкампанію з патрабаваньнем адкрыць пратаколы галасаваньня, піша Tut.by. Бацька прадстаўніка Беларусі на конкурсе з гэтым згодны.

Што адбылося?

У фінале беларускага адбору на «Эўравізію-2018» 1 верасьня з 16 баламі перамог Даніэль Ястрэмскі.

Пераможцу выбіралі па суме галасоў, атрыманых ад гледачоў (праз званкі і СМС) і прафэсійнага журы. Паводле афіцыйных падлікаў, гледачы аддалі Ястрэмскаму найбольшую колькасьць галасоў (9237 галасоў, 12 балаў), а журы — 4 з 12 магчымых балаў.

Найбольшую колькасьць балаў журы аддало Мікіту Бялько, які стаў апошнім паводле афіцыйных вынікаў галасаваньня гледачоў (906 галасоў).


Прадстаўнікі сямі зь дзесяці фіналістаў падрыхтавалі зварот у Белтэлерадыёкампанію, у якім заявілі, што ня згодныя з вынікамі праведзенага галасаваньня.

Паводле ліста, прычынамі звароту сталі:

  1. Накрутка смс-галасаваньняў. Магчымасьць для фінансава забясьпечаных удзельнікаў аплаціць неабмежаваную колькасьць галасоў.
  2. Падазрэньне ў падтасоўцы галасаваньня сяброў журы з мэтай забясьпечыць перамогу загадзя вызначанага ўдзельніка.

Пад адкрытым лістом падпісаліся 18 чалавек. Ліст накіравалі старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івану Эйсманту і ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі.

У Белтэлерадыёкампаніі сказалі, што ліст разглядае кіраўніцтва.

Чаго патрабуюць аўтары звароту?

1. Адкрыць пратаколы галасаваньняў журы і гледачоў.

  • Аргумэнтаваць выстаўленыя адзнакі згодна з крытэрамі дзіцячай «Эўравізіі».
  • У выпадку неабходнасьці правесьці адкрытае перагаласаваньне па адзьнятым матэрыяле.

2. Паколькі штогадовае галасаваньне журы непразрыстае, распрацаваць сыстэму галасаваньня «з максымальнай адкрытасьцю».

У выпадку непрыманьня мераў аўтары звароту будуць зьвяртацца ў Эўрапейскі вяшчальны саюз і ЮНЭСКО з просьбай разабрацца ў сытуацыі.

Бацька Даніэля Ястрэмскага Аляксандар кажа, што ня супраць, калі вынікі галасаваньняў гледачоў і журы апублікуюць.

Дзіцячая «Эўравізія-2018» пройдзе ў Менску 25 лістапада. Папярэдні раз пляцоўка «Менск-Арэны» прымала конкурс у 2010 годзе.

У 2016 годзе Белтэлерадыёкампанія заявіла, што пытаньні аб галасаваньні трэба накіраваць у Белтэлекам.

Спраўдзіць, ці дазволена шмат разоў галасаваць з аднаго нумара і ці прадугледжаныя нейкія санкцыі за накруткі, немагчыма — у правілах нацыянальнага адбору пра наяўнасьць ці адсутнасьць абмежаваньняў на колькасьць галасоў з аднаго нумара не гаворыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG