2 верасьня ў Маскве разьвітваюцца са сьпеваком і палітыкам Ёсіфам Кабзонам, а ў Данецку — з кіраўніком самаабвешчанай «ДНР» Аляксандрам Захарчанкам.
Кабзон памёр 30 жніўня ва ўзросьце 80 гадоў ад анкалягічнага захворваньня, Захарчанка быў забіты на другі дзень падчас памінак па сябру.
Як перадаюць расейскія мэдыі, цырымонію разьвітаньня з Ёсіфам Кабзонам у канцэртнай залі імя Чайкоўскага наведалі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, прэм’ер-міністар Дзтмітрый Мядзьведзеў, палітыкі, грамадзкія дзеячы, эстрадныя выканаўцы.
Замежных дэлегацый не заўважана: Эўразьвяз, ЗША, Канада і Ўкраіна ўключылі Кабзона ў санкцыйныя сьпісы, забараніўшы яму ўезд у гэтыя краіны. У сакавіку 2014 году разам зь іншымі дзеячамі культуры падпісаў зварот у падтрымку палітыкі Пуціна адносна Крыму. Пасьля пачатку ваеннай кампаніі на Данбасе неаднаразова прыяжджаў у самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі, публічна выказваўся ў падтрымку сэпаратыстаў.
А ў Данецку праходзіць цырымонія разьвітаньня з кіраўніком так званай «ДНР» Аляксандрам Захарчанкам. Закрытая труна ў прысутнасьці «ганаровай варты» выстаўлена ў памяшканьні гарадзкога тэатру опэры і балету.
Па дадзеных прадстаўнікоў «адміністрацыі кіраўніка ДНР», за некалькі першых гадзінаў разьвітацца з Захарчанкам прыйшлі больш за 120 тысяч чалавек. Свае спачуваньні «народу Данбаса» выказалі Ўладзімір Пуцін і Дзьмітрый Мядзьведзеў, а памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзіслаў Суркоў у дзень пахаваньня апублікаваў зварот, у якім назваў загінулага «братам» і «сапраўдным героем».
Аляксандр Захарчанка, які абвясьціў сябе «кіраўніком ДНР», загінуў 31 жніўня ў выніку выбуху ў кавярні «Сэпар» у цэнтры Данецка. Таксама загінуў ягны ахоўнік, яшчэ 12 чалавек атрымалі раненьні. Перад гэтым Захарчанка з паплечнікамі пасьпелі ўскласьці кветкі да помніка Кабзону.