Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец Ізраілевіч прапанаваў перамовы з «Новым часам» і Івашыным. Журналісты супраць


Аркадзь Ізраілевіч

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч, які судзіцца з газэтай «Новы час» і яе пазаштатным карэспандэнтам Дзянісам Івашыным, прапанаваў Свабодзе прысутнічаць на ягоных перамовах з прадстаўнікамі выданьня і журналістам па ўрэгуляваньні канфлікту.

Перамовы Аркадзь Ізраілевіч прапануе правесьці да 10 верасьня, калі прызначана асноўнае паседжаньне суду па ягоным пазове аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі да «Новага часу» і Івашына.

29 жніўня прадстаўніца бізнэсоўца ў судзе Алена Калазаева ад ягонага імя адмовілася ад міравога пагадненьня канфліктуючых бакоў. Сваё жаданьне ўсё ж урэгуляваць канфлікт да суду Аркадзь Ізраілевіч сёньня патлумачыў Свабодзе.

«Я абсалютна ня прагну ніякай помсты, мне абсалютна не патрэбны грошы. Але ў мяне ўжо нейкая рэпутацыя зьяўляецца, што я душу незалежную прэсу. Я прапаную да 10 чысла, пакуль ёсьць час, каб „Новы час“ узяў свайго юрыста, я вазьму свайго, вы будзеце прысутнічаць як прадстаўнік незалежных СМІ. Я пакажу ўсе дакумэнты і дакажу, што яны адносна мяне ўсё хлусілі. І хай яны да 10 чысла напішуць, што журналіст карыстаўся неправеранай інфармацыяй і мы гэта абвяргаем. І ўсё, я адклічу ўсе пазовы. І нічога такога не хачу. Я не хачу, каб у судзе агалошваліся тыя зьнявагі і прыніжэньні, якія я атрымаў, мне гэтага ня трэба».

Паводле Аркадзя Ізраілевіча, калі ў выніку перамоў стане відавочна, што менавіта ён ня мае рацыі, ён таксама адкліча свой пазоў і папросіць прабачэньня. Што такія паводзіны зь ягонага боку магчымыя, Аркадзь Ізраілевіч абгрунтаваў прыкладам разьвязаньня ягонага канфлікту з старшынёй ТБМ Аленай Анісім.

«Я перад ёй выбачыўся ў тым жа аб’ёме, як напісаў раней, у той жа крыніцы. Мы цяпер нармальна кантактуем», — сказаў Аркадзь Ізраілевіч.

На мінулым тыдні галоўны рэдактар «Новага часу» Аксана Колб ужо сустракалася з Аркадзем Ізраілевічам якраз адносна мірнага пагадненьня. Паводле яе слоў у судзе Савецкага раёну Менску 29 жніўня, бізнэсовец тады адмовіўся спыніць канфлікт мірна.

Аркадзь Ізраілевіч на гэта сказаў Свабодзе, што яго не задаволіла прапанова выступіць у газэце «Новы час»:

«Не хачу ім рабіць дадатковай рэклямы».

Пазыцыя «Новага часу»: спрэчку мае вырашыць суд

Галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аксана Колб сказала Свабодзе, што ў фармаце, які прапануе Аркадзь Ізраілевіч, яна ня згодная ісьці зь ім на перамовы.

Аксана Колб
Аксана Колб

«Па-першае, чаму я даведваюся пра прапановы ад яго праз мэдыі, а не ад самога Аркадзя Ізраілевіча ці ягонага адваката, у якіх ёсьць мой тэлефон? Па-другое, што значыць прапанова сабрацца зь юрыстамі ды журналістамі і вызначыць, хто мае рацыю? Такія функцыі, як вызначаць ісьціну, мае толькі суд, такой канчатковай інстанцыяй можа быць толькі суд. І па-другое, мы па-ранейшаму застаёмся на сваёй пазыцыі і гатовыя прадставіць Аркадзю Ізраілевічу нашу плошчу, каб ён выказаў свае меркаваньні, прыклаў дакумэнты. Мы гатовыя іх апублікаваць, і ўжо хай чытачы вырашаюць, на чыім яны баку».

Журналіст Івашын: Ізраілевіч сам сабе вынес прысуд

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Незалежны журналіст Дзяніс Івашын таксама выказаўся супроць перамоў з Аркадзем Ізраілевічам.

«Якія могуць быць зь ім перамовы? Зь ягонага боку гэта пацьверджаньне ранейшай цынічнай пазыцыі, асабліва пасьля ўчорашніх падзей каля рэстарацыі ў Курапатах. Асабіста мне цяпер відавочна, што ён сам сабе ўжо вынес прысуд», — мяркуе Дзяніс Івашын, на якога Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд за публікацыю пра яго датычнасьць да рэстарацыі «Поедем поедим».

Перамоваў ня будзе?

Па абедзе 30 жніўня Аркадзь Ізраілевіч патэлефанаваў Аксане Колб і пераказаў ёй асабіста свае прапановы аб перамовах. Паводле галоўнай рэдактаркі «Новага часу», яна паўтарыла свае ўмовы, на якія Аркадзь Ізраілевіч не пагадзіўся.

«Значыць, пойдзем 10 верасьня ў суд, калі іншых прапаноў ня будзе», — сказала Аксана Колб пра вынік размовы з Аркадзем Ізраілевічам.

Аркадзь Ізраілевіч пра тэлефонную размову з Аксанай Колб сказаў карэспандэнту Свабоды: «Яна мне сказала, што ўсё роўна будзе ў плюсе, ужо прапаноўваюць ахвяраваньні, яе такая сытуацыя цалкам задавальняе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG