Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд абавязаў Ізраілевіча ўдакладніць пазоў да «Новага часу» і асабіста прысутнічаць на працэсе

абноўлена

Дзяніс Івашын на судзе супраць газэты «Новы час»
Дзяніс Івашын на судзе супраць газэты «Новы час»

Асноўнае паседжаньне паводле пазову бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча супраць газэты «Новы час» прызначанае на 10 верасьня.

У судзе Савецкага раёну Менску 29 жніўня прайшло першае паседжаньне паводле пазову, але яно хутка завяршылася — сам пазоўнік не прыйшоў. Суд пастанавіў абавязаць Аркадзя Ізраілевіча прысутнічаць і да 4 верасьня ўдакладніць патрабаваньні ў пазове.

Ад «Новага часу» на працэсе прысутнічалі рэдактарка Аксана Колб, журналіст Дзяніс Івашын ды іхныя абаронцы. Усе абвінавачаньні на свой адрас яны адкідаюць.

Пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі Ізраілевіч падаў на пачатку жніўня. Ён патрабуе ад незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў за «маральную шкоду». Яшчэ тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад журналіста Дзяніса Івашына, аўтара расьсьледаваньня пра незаконную забудову ў Курапатах.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Як лічыць Ізраілевіч, з газэтных артыкулаў вынікае, што ягонае ТАА «ІВ» зьяўляецца бэнэфіцыярам будаўніцтва побач зь месцам сталінскіх расстрэлаў у Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты.

Ён сьцьвярджае, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабуе апублікаваць зьняпраўджаньне — інфармацыю пра сваю недатычнасьць да рэалізацыі камэрцыйнага праекту, а таксама дамагаецца матэрыяльнай кампэнсацыі за «эмацыйныя перажываньні і пагаршэньне фізычнага стану».

Колб: Перажылі пазоў Чаргінца, перажывем і Ізраілевіча

Пасьля судовага паседжаньня галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб заявіла Свабодзе: у судзе выявілася, што ніякіх рэальных доказаў віны газэты пазоўнік Ізраілевіч ня мае.

Аксана Колб, архіўнае фота
Аксана Колб, архіўнае фота

«Што мы казалі раней, сёньня пацьвердзілася. Мы пакуль ня хочам раскрываць усе козыры наконт нібыта доказаў таго, што ён пацярпеў ад нашых артыкулаў. Пра ўсё гэта мы скажам на наступным паседжаньні.

Вы памятаеце, што ў свой час мы праходзілі праз падобны пазоў зь Мікалаем Чаргінцом і перажылі яго. Перажывем і гэты. Тое, што сёньня прыйшлі падтрымаць нас гэтулькі добрых, паважаных мною людзей – гэты вельмі цешыць і даказвае, што мы робім тое, што трэба, і будзем гэта рабіць далей».

Пазоўнік не пайшоў на міравую

Аксана Колб сказала таксама, што ня зьдзіўленая адсутнасьцю на папярэднім судовым паседжаньні пазоўніка Аркадзя Ізраілевіча. Яна прызнала, што спрабавала дамовіцца з пазоўнікам:

«Так, я спрабавала вырашыць гэты канфлікт раней, але гэта не была мая ініцыятыва. Адзін вельмі паважаны чалавек захацеў выступіць мэдыятарам паміж бакамі канфлікту, і я на гэта пагадзілася.

Мы сустракаліся ў мінулы чацьвер, але пасьля той сустрэчы стала зразумела, што нічога не атрымаецца, ён нават ня лічыць для сябе годным прысутнічаць на паседжаньні. Увогуле, як я ўбачыла, у яго даволі дзіўныя адносіны да СМІ ды іхнай ролі. Ня буду далей пра гэта казаць, але мне ўжо тады стала зразумела, што нічога з прымірэньнем не атрымаецца».

Акцыя пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах, празь якую адбываецца суд
Акцыя пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах, празь якую адбываецца суд

Колб заявіла, што будзе настойваць, каб у судзе на асноўным паседжаньні пазоўнік прысутнічаў, бо пазоў ён падаў менавіта як фізычная асоба і прэтэнзіі да газэты ёй хацелася б пачуць непасрэдна ад яго.

Івашын: патрабаваньні Ізраілевіча абсалютна не абгрунтаваныя

Журналіст, няштатны аўтар «Новага часу» Дзяніс Івашын у камэнтары заявіў Свабодзе, што спадзяецца на справядлівае рашэньне суду, які адновіцца 10 верасьня.

«Хочацца верыць, што суд пачуе доказы нашага боку і прыме адзінае справядлівае рашэньне – не задаволіць абсалютна неабгрунтаваныя патрабаваньні Аркадзя Ізраілевіча. Разумею, вядома, у якой краіне мы жывем. Але будзем спадзявацца, што і ў нас цуды магчымыя».

Дзяніс Івашын (справа) на судзе супраць газэты «Новы час»
Дзяніс Івашын (справа) на судзе супраць газэты «Новы час»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG