Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: МЗС Украіны рыхтуе дакумэнты для скасаваньня дамовы аб дружбе з Расеяй


Прэзыдэнт Пятро Парашэнка заявіў, што Ўкраіна юрыдычна гатовая да спыненьня дамовы аб дружбе з Расeяй

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што чакае ад МЗС Украіны неабходны пакет дакумэнтаў для пачатку рэалізацыі працэсу спыненьня дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй. Пра гэта ён сказаў 28 жніўня на нарадзе з кіраўнікамі замежных дыпляматычных установаў Украіны.

«Ужо ў найбліжэйшым часе я чакаю ад Міністэрства замежных справаў неабходны пакет дакумэнтаў для пачатку рэалізацыі гэтага працэсу», — заявіў Парашэнка.

Ён адзначыў, што «сёньня мы падышлі дастаткова падрыхтаванымі і юрыдычна абароненымі да наступнага кроку — спыненьня дзеяньня дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй, якая зь віны Масквы ўжо даўно зрабілася анахранізмам».

У красавіку Пятро Парашэнка заяўляў пра намер ініцыяваць адмену шэрагу палажэньняў дамовы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Украінай і Расеяй.

«Я ўнясу ў парлямэнт законапраект аб неадкладным аднабаковым спыненьні дзеяньня асобных палажэньняў дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расеяй у частцы, у якой дзеяньне гэтай дамовы несумяшчальнае з нацыянальнымі інтарэсамі дзяржавы і рэалізацыяй нашага права на самаабарону», — заявіў Парашэнка на XI кіеўскім форуме.

Дамова аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве з Расеяй, якая была падпісаная ў 1997 годзе, усё яшчэ застаецца дзейнай. Дакумэнт, сярод іншага, прадугледжвае, што бакі «паважаюць тэрытарыяльную цэласьць адзін аднаго і пацьвярджаюць непарушнасьць межаў паміж імі», а таксама «будуюць адносіны адзін з адным на аснове прынцыпаў узаемнай павагі сувэрэннай роўнасьці, непахіснасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, непрымяненьня сілы або пагрозы сілай».

Ад красавіка 2014 году пасьля расейскай анэксіі Крыму на частцы Данбасу працягваецца ўзброены канфлікт. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачаньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца хіба што расейскія «добраахвотнікі». Паводле дадзеных ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 000 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG