Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Telegram будзе перадаваць спэцслужбам дадзеныя карыстальнікаў па рашэньні суду


Мэсэнджэр Telegram зьмяніў сваю палітыку прыватнасьці і дадаў у правілы магчымасьць перадачы спэцслужбам інфармацыі пра карыстальніка — IP-адрасу і нумару тэлефона.

Умовы для такой перадачы дадзеных карыстальнікаў — атрыманьне судовага загаду, якое пацьвярджае што карыстальнік падазраецца ў тэрарыстычнай дзейнасьці.

У Telegram адзначаюць, што пакуль такіх выпадкаў не было. А калі гэта адбудзецца, інфармацыя будзе апублікаваная ў паўгадавой справаздачы ў адмысловым канале.

«Дагэтуль у нас не было сапраўднай палітыкі прыватнасьці, нам прыйшлося стварыць яе гэтым летам праз GDPR», — сказаў заснавальник Telegram Павел Дураў праграме Радыё Свабода «Настоящее время». GDPR (General Data Protection Regulation), новы закон Эўразьвязу аб абароне дадзеных, уступіў у сілу 25 траўня 2018 году.

«Пакуль што мы не дзяліліся інфармацыяй пра тэрарыстаў з уладамі, але наша тэарэтычная магчымасьць так паступіць — яшчэ адзін спосаб перашкодзіць тэрарыстам ў злоўжываньні нашай плятформай», — сказаў Дураў.

Раней Telegram неаднаразова сьцьвярджаў, што ня можа выдаць перапіску карыстальнікаў — проста ня мае тэхнічнай магчымасьці зрабіць гэта праз пратакол шыфраваньня.

Цяпер мэсэнджэр таксама падкрэсьліў, што не выдае спэцслужбам ключы шыфраваньня і зьмесьціва перапіскі карыстальнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG