Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самаўхіліўся ад выкананьня абавязкаў». У Магілёве судзяць чыноўніка за сьмерць дваіх дзяцей


Недабудаваны дом, дзе гулялі дзеці. Архіўнае фота Сьледчага камітэту (2017 год)

У Магілёве судзяць былога галоўнага архітэктара гораду Аляксандра Церашкова па абвінавачваньні ў службовай нядбайнасьці, якая празь неасьцярожнасьць прывяла да сьмерці двух непаўналетніх. На судзе службовец віны не прызнаў.

Справа разглядаецца ў Ленінскім судзе Магілёва. Старшынюе на працэсе судзьдзя Сяргей Мазураў.

Што адбылося

1 лістапада 2017 году на дваіх хлопчыкаў, 9 і 10 гадоў, абрынулася бэтонная пліта недабудаванага дому на Загараднай шашы ў Магілёве. У будынку дзеці гулялі. Адзін з хлопчыкаў загінуў на месцы. Другі памёр праз 13 дзён у бальніцы.

Прыватны дом належала зьнесьці, бо ўзводзіўся ён з парушэньнем заканадаўства. Ад 2000 году чго будавалі на пляцоўцы, якая трапляла ў межы паркавай зоны. Ад 2010 году ўладальнік дому працы спыніў, але бурыць узьведзенае ня стаў. Сем гадоў будынак руйнаваўся. За паўгода да трагедыі ў ім абваліліся дзьве пліты перакрыцьця, але гэта ня стала сыгналам для тэрміновага зносу.

У чым вінавацяць былога службоўца

Аляксандар Церашкоў працаваў ва ўпраўленьні архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму ад 2007 да 2015 году: займаў пасады галоўнага спэцыяліста, намесьніка начальніка ды начальніка ўпраўленьня. Паводле сьледзтва, выявіўшы факт самавольнага ўзьвядзеньня жылога дома, Церашкоў самаўхіліўся ад ажыцьцяўленьня кантролю за лёсам будынка.

Ігнараваньне чыноўнікам службовых абавязкаў, лічыць сьледзтва, і прывяло да трагедыі. Церашкову выставілі абвінавачваньне паводле 428 артыкула Крымінальнага кодэксу «Службовая халатнасьць». Яму пагражае ад 2 да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Недабудаваны дом пасьля трагедыі зьнесьлі. Ліпень 2018
Недабудаваны дом пасьля трагедыі зьнесьлі. Ліпень 2018

Пацярпелыя і чаго чакаюць ад суду

Пацярпелымі па справе прызнаныя бацькі загінулых на будоўлі хлопчыкаў Максіма і Дзяніса, а таксама Арцём, які не пайшоў зь сябрамі гуляць у недабудаваны дом. Трагедыя здарылася на яго вачах, і ён першым паведаміў пра яе дарослым. Дзеці пайшлі гуляць, калі бацькоў не было дома. Пліта на іх абрынулася, калі яны вылазілі праз вакно.

У судзе Арцём ня змог адказваць на пытаньні, бо расплакаўся.

Бацькі Максіма і Дзяніса на наступных пасяджэньнях агучаць матэрыяльныя прэтэнзіі да абвінавачанага. Па іх словах, да суду да іх ніхто не зьвяртаўся ні з прапановай дапамагчы, ні з выбачэньнямі.

«У мяне матэрыяльныя прэтэнзіі, бо дзяцей ня вернеш», — аргумэнтавала сваю пазыцыю маці хлопчыка, які загінуў адразу. Бацька хлопчыка, які памёр у бальніцы, на пытаньне пракурора, ці настойвае ён на жорсткім пакараньні абвінавачанага, адказаў, што не.

Як будаваўся дом

Цяпер будынак, у якім здарылася трагедыя, зьнесены, пляц абгароджаны. Раней яго хавала кустоўе. Узводзіць дом пачалі на пачатку 2000-х. Першы ўладальнік зьехаў у Расею і прадаў недабудаванку іншаму жыхару Магілёва. Той выклаў сьцены з сылікатных блёкаў і паклаў бэтонныя перакрыцьці. Будоўлю спыніў, атрымаўшы ліст з адпаведным патрабаваньнем. Зносіць не спрабаваў.

Дапамагаў яму на будоўлі бацька Арцёма — Сяргей. Сыну ён наказаў да недабудаванага дому не падыходзіць, бо гэта небясьпечна. Сям’я Арцёма жыве побач з будоўляй.

На судзе Сяргей казаў, што быў сьведкам, як абрынуліся дзьве пліты, «але гэтаму здарэньню не надаў значэньня». Сам Сяргей таксама браўся ўзводзіць дом непадалёк ад таго, які абрынуўся, але ад яго гэтаксама запатрабавалі спыніць будоўлю. Пасьля трагедыі ён зьнёс тое, што пасьпеў быў збудаваць.

Згодна з высновамі камісійнай будаўніча-тэхнічнай экспэртызы, прычынаю абвальваньня пліты стала працяглае ўзьдзеяньне атмасфэрнай вільгаці на будаўнічыя канструкцыі.

На наступных пасяджэньнях суд выслухае абвінавачанага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG