Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаў дзейнічаць новы пакет антырасейскіх санкцыяў ЗША


Другі этап амэрыканскіх санкцыяў супраць Расеі

Ад 27 жніўня ўлады Злучаных Штатаў уводзяць у дачыненьні да Расеі санкцыі праз атручэньне ў брытанскім Солсбэры ў сакавіку 2018 году былога палкоўніка вайсковай выведкі Расеі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. Пра гэта са спасылкай на Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паведамляе «Голас Амэрыкі».

У прэамбуле да дакумэнту сказана, што Расея выкарыстала хімічную зброю ў парушэньне міжнароднага права наконт хімічных узбраеньняў супраць сваіх уласных грамадзянаў.

Санкцыі будуць дзейнічаць прынамсі год або да далейшага паведамленьня. Яны прадугледжваюць забарону прадаваць зброю і фінансаваць угоды ў галіне ўзбраеньня, адмову ад крэдытаваньня з боку дзяржаўных структураў ЗША і забарону экспартаваць тавары і тэхналёгіі двайнога прызначэньня. Уводзіцца забарона надаваць Расеі вонкавую дапамогу, акрамя тэрміновай гуманітарнай дапамогі і паставак харчаваньня.

Некалькі расейскіх чыноўнікаў ужо заявілі, што эфэкт ад новых абмежавальных захадаў іх не палохае. Аднак, як адзначаюць экспэрты, другая хваля санкцыяў можа выклікаць сур’ёзныя асьцярогі ў Маскве: іх ЗША можа ўжыць праз 90 дзён, калі Расея ня дасьць надзейных гарантыяў адмовіцца выкарыстоўваць хімічную зброю ў будучыні і пагодзіцца на інспэкцыі аб’ектаў экспэртамі ААН.

Другі этап будзе больш сур’ёзным

Экспэрт праграмы «Сусьветны бізнэс і эканоміка» Атлянтычнай рады Браян О’Тул нагадвае, што закон ЗША ад 1991 году аб ліквідацыі хімічнай і біялягічнай зброі, на падставе якога цяпер уводзяцца санкцыі супраць Расеі, ужываўся вельмі рэдка — дагэтуль толькі ў дачыненьні да Паўночнай Карэі.

І калі на першы этап санкцыяў Масква адрэагавала досыць стрымана, то, на думку О’Тула, другі этап будзе больш сур’ёзным, бо закране фінансавую сфэру дзяржавы:

«Фінансавыя санкцыі будуць найбольш істотнымі. Праўда, наперадзе 90 дзён, за гэты час яшчэ адбудуцца дыскусіі, якія, магчыма, зьнізяць іх ўздзеяньне. Акрамя таго, адміністрацыя не абавязаная запускаць усе магчымыя захады, яны могуць выбіраць — што ўжываць, а што не. У кожным разе лягічна было б пайсьці шляхам узмацненьня санкцыяў у рамках выкананьня „Закону аб супрацьдзеяньні праціўнікам Амэрыкі мэтадам санкцыяў“, а не ўжываць нейкія вельмі старыя законы, прынятыя яшчэ да таго, як склалася цяперашняя сусьветная фінансавая архітэктура».

У разе, калі бакам дамовіцца ня ўдасца, гаворка пойдзе пра зьніжэньне ўзроўню дыпляматычных адносінаў паміж Вашынгтонам і Масквой, прыпыненьне палётаў расейскай авіякампаніі «Аэрофлот» у ЗША і спыненьне гандлю паміж ЗША і Расеяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG