Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook і Twitter выдалілі сотні старонак іранскай і расейскай палітычнай дэзынфармацыі


Ілюстрацыйнае фота

Facebook паведаміў, што выдаліў 652 акаўнты і старонкі, зьвязаныя з Расеяй і Іранам і створаныя для распаўсюджваньня палітычнай дэзынфармацыі напярэдадні лістападаўскіх выбараў у Кангрэс ЗША.

Як заявіла кампанія ўвечары 21 жніўня, акаўнты з Facebook і Instagram былі выдаленыя, бо яны ўдзельнічаюць у каардынацыі «неаўтэнтычных паводзінаў», у тым ліку пашырэньня аблудных палітычных матэрыялаў.

Twitter таксама абвясьціў 21 жніўня, што прыбраў каля 300 акаўнтаў іранскай прапаганды. Паводле Reuters, акаўнты выдаляліся і на Youtube і Google Plus, але карпарацыя Alphabet, што валодае імі, не рабіла абвестак і не дала камэнтароў наконт выдаленьня.

Акцыя перад Капітоліем ЗША з патрабаваньнем «парэмантаваць Facebook» у сувязі з расейскай прапагандай, 10 красавіка 2018 году
Акцыя перад Капітоліем ЗША з патрабаваньнем «парэмантаваць Facebook» у сувязі з расейскай прапагандай, 10 красавіка 2018 году

Facebook значна актывізаваў рэгуляваньне сваёй папулярнай сеткі летась, калі прызнаў, што расейскія агенты пасьпяхова правялі палітычныя апэрацыі ўплыву на Facebook, скіраваныя на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

«Мы забаранілі гэты тып паводзінаў....Людзі павінны давяраць таму, што яны бачаць на Facebook», — сказаў генэральны дырэктар Марк Цукербэрг рэпартэрам і дадаў, што «мы яшчэ шмат чаго ня ведаем» пра гульцоў, якія стаяць за акаўнтамі.

Іран і Расея не адразу адказалі на абвінавачваньні Facebook.

Facebook патлумачыў, што яго дзеяньні ёсьць наступствам чатырох сьледзтваў — трох наконт Ірану і аднаго наконт Расеі. Як паведаміў Facebook, група, якая спрабавала ўплываць на палітыку стасоўна Сырыі і Ўкраіны, была, паводле ўраду ЗША, зьвязаная з расейскай вайсковай выведкай.

«Гэта некаторыя з тых самых дрэнных актораў, якіх мы адсунулі пасьля атак на кібэрбясьпеку напярэдадні выбараў 2016 году ў ЗША; іх апошнія дзеяньні сканцэнтраваныя на палітыцы ў Сырыі і Ўкраіне», — сказаў кіраўнік палітыкі кібэрбясьпекі Facebook Натаніель Ґляйхер.

Акаўнты былі зьвязаныя з Inside Syria Media Center, які, як вызначылі Атлянтычная рада і іншыя арганізацыі, пакрыёма распаўсюджвае прарасейскі і пра-Асадаўскі інфармацыйны пасыл.

«Мы шчыльна супрацоўнічаем з праваахоўнымі органамі ЗША ў гэтым расьсьледаваньні», — паведамляе блог Facebook.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG