Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава за дзяцей ці за пэдафілаў?


Максымальнае пакараньне за згвалтаваньне дзіцяці ў Беларусі цяпер — 15 гадоў пазбаўленьня волі. Мужчына, які ў 1984 годзе згвалціў сваю дачку і яе сяброўку, правёў у зьняволеньні ўсяго тры гады, а празь нейкі час пасьля вызваленьня пачаў гвалціць унучак. Цяпер ён асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Ці ёсьць гарантыя, што пасьля новага вызваленьня ён будзе бясьпечным для навакольных? Безумоўна, не.

Можна паспрабаваць супакоіць сябе тым, што ён выйдзе з калёніі ўжо ў сталым веку і праз узроставыя парушэньні патэнцыі ня зможа нікога згвалціць. Толькі гэта самападман, бо згвалтаваньне — гэта не пра сэкс, а пра ўладу. І калі чалавек жадае гэтай улады, ён знойдзе спосаб яе здабыць, — праблемы з патэнцыяй ня будуць перашкодай.

Увогуле, дзяржава так ці інакш абараняе дзяцей ад тых, хто мае судзімасьць за злачынства супраць палавой недатыкальнасьці. Напрыклад, існуе пастанова Савета Міністраў, якая забараняе такім людзям займаць шэраг пасадаў, зьвязаных з працай зь дзецьмі: яны ня могуць выкладаць, лекаваць, браць дзяцей на выхаваньне, пад забаронай для іх прафэсіі «кінаапэратар», «скульптар», «масажыст» і шэраг іншых.

Ва ўласнай сям’і дзіця можа аказацца без аніякай абароны

Фармальна абараняюцца і родныя дзеці-ахвяры пэдафілаў: за злоўжываньне бацькоўскімі правамі і (ці) жорсткае абыходжаньне з дзіцём бацькі могуць быць пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Але фактычна рэгуляваць прафэсійную сфэру значна прасьцей за сямейную. Працадаўца можа патрабаваць даведку аб наяўнасьці ці адсутнасьці судзімасьцяў, а ва ўласнай сям’і дзіця можа аказацца без аніякай абароны, калі іншыя дарослыя стануць на бок пэдафіла.

На вялікі жаль, так здараецца значна часьцей, чым можа падацца людзям, якія адмыслова не цікавяцца гэтай тэмай. Гісторыі, калі жонка, нягледзячы ні на што, абараняе мужа, ці калі проста ўсе родныя становяцца на бок злачынцы і не вераць ні словам ахвяры, ні нават аб’ектыўным доказам, падаюцца мне страшнымі і бесчалавечнымі, але іх сапраўды вельмі шмат. Адказнасьці за бязьдзеяньне ў такой сытуацыі не прадугледжана, і гэта таксама грае важную ролю ў тым, што пра шматлікія злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці дзяцей у міліцыю проста не паведамляюць.

Пасьля вяртаньня на волю злачынца працягвае быць небясьпечным

Але нават калі факт злачынства раскрыўся, прайшло сьледзтва і злачынца быў асуджаны, пасьля вяртаньня на волю ён працягвае быць небясьпечным. Яго не прымушаюць прайсьці тэрапію, дадзеныя пра яго месца жыхарства не зьяўляюцца ў адкрытым доступе ў адмысловай базе, ён нават у школе можа працаваць — проста не настаўнікам, а, напрыклад, тэхнічным спэцыялістам. Дзяржава і грамадзтва даюць пэдафілу другі шанец.

Гэта велізарная дылема: што важней — прэвэнтыўна абараніць дзяцей ад злачынцы ці забясьпечыць гэтаму злачынцу магчымасьць вярнуцца ў грамадзтва і «спакойна жыць»? Розныя дзяржавы па-рознаму адказваюць на гэтае пытаньне. Беларусь (пакуль што?) становіцца на бок злачынцаў.

Я адмыслова прыбіраю паўадценьні і стаўлю пытаньне жорстка: дзяржава за дзяцей ці за пэдафілаў? Можна, вядома ж, дыпляматычна ўхіляцца ад адказу і казаць, што яна «прымае шэраг важных рашэньняў і працуе ў гэтым напрамку», але фактычна дзеці ў нас абароненыя горш за пэдафілаў. Магчыма, аднойчы гэта зьменіцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG