Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сянцова зьбіраюцца прымусова карміць ў выпадку пагрозы яго жыцьцю


Алег Сянцоў
Алег Сянцоў

Украінскага рэжысэра Алега Сянцова, асуджанага ў Расеі на 20 гадоў і які галадае ў калёніі на знак пратэсту соты дзень запар, пачнуць карміць сілком у тым выпадку, калі адмова ад ежы будзе пагражаць яго жыцьцю.

Пра гэта паведаміў сакратар Грамадзкай назіральнай камісіі Масквы Іван Мельнікаў.

«У Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП) ёсьць свой рэглямэнт, і калі жыцьцю Сянцова будзе пагражаць небясьпека, то яго будуць карміць прымусова» — растлумачыў Мельнікаў «Інтэрфаксу».

У сваю чаргу, крыніца ў ФСВП Расеі ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода паведаміла, што Сянцоў атрымлівае неабходныя пажыўныя сумесі для падтрыманьня жыцьця, але адмовілася камэнтаваць магчымасьць прымусовага кармленьня.

Раней калёнію ў Лабытнангі, дзе сядзіць Сянцоў, наведала расейская праваабаронца Зоя Сьвятлова. Сустрэўшыся з украінскім рэжысэрам, яна паведаміла, што вонкава ён «моцна схуднеў, па яго словах — на 17 кіляграмаў, у той час як лекары кажуць пра 11». Сянцоў чарговы раз пацьвердзіў, што адзінай умовай спыненьня галадоўкі застаецца вызваленьне ўсіх украінскіх палітычных зьняволеных з расейскіх турмаў. «Ён хоча жыць, але зьбіраецца ісьці да канца», — рэзюмавала Сьвятлова. Сам Сянцоў назваў свой стан «перадкрытычным».

Паводле дадзеных «Новай газэты», у сярэдзіне жніўня кансыліюм лекараў, якія сочыць за станам здароўя Сянцова, прызнаў, што ў вязьня зьявіліся праблемы з сэрцам. Лекары асьцерагаліся, што працяг галадоўкі можа справакаваць сардэчны прыступ, а любая непісьменная спроба пераводу Сянцова на ўнутрывеннае харчаваньне толькі пагоршыць яго стан.

Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў асуджаны ў Расеі на 20 гадоў па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме. Сваю віну ён не прызнае. 14 траўня Сянцоў абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў.

У аўторак, на соты дзень галадоўкі, па ўсім сьвеце праходзяць акцыі салідарнасьці з рэжысэрам.

З патрабаваньнем неадкладна вызваліць рэжысэра выступілі больш за сто дзеячаў сусьветнай культуры. Яны таксама заклікалі афіцыйныя асобы ЭЗ і ААН аказаць ціск на Расею, каб дамагчыся яго хутчэйшага выхаду з турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG