Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША арыштавалі двух іранцаў — меркаваных агентаў Тэгерану


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Двое мужчынаў з Ірану абвінавачаныя ў шпіянажы на карысьць Тэгерану ў Злучаных Штатах, паведаміла 20 жніўня Міністэрства юстыцыі ЗША.

59-гадовы грамадзянін Ірану і 38-гадовы мужчына з двайным іранскім і амэрыканскім грамадзянствам арыштаваныя 9 жніўня. У ЗША лічаць, што яны ў 2017 і 2018 гадах зьбіралі зьвесткі пра тых, каго ў Іране лічаць «ворагамі рэжыму».

Іх вінавацяць у дзейнасьці ў якасьці агентаў іранскага ўраду без папярэджаньня Генэральнага пракурора ЗША, у наданьні Ірану паслугаў, што парушаюць амэрыканскія санкцыі, у таемнай змове.

Мужчынаў падазраюць у таемным сачэньні за ізраільскімі і габрэйскімі арганізацыямі ў ЗША, у зборы зьвестак аб амэрыканскіх грамадзянах, а таксама аб амэрыканцах з Арганізацыі маджагедаў іранскага народу (MEK), якую Іран лічыць тэрарыстычнаю (у ЗША яна лічылася такой да 2012 году). Так, у адным з эпізодаў адзін зь меркаваных агентаў атрымаў ад другога 2000 даляраў за фатаграфаваньне ўдзельнікаў акцыі MEK у Нью-Ёрку.

Дэпартамэнт юстыцыі нагадвае, што мужчыны лічацца невінаватымі, пакуль не даказана адваротнае. Але пракуроры заяўляюць, што гатовыя даказаць віну іранцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG