Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя Менскай вобласьці: Мы не выкідалі затрыманую ў лесе


Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму Сяргей Басько сказаў Свабодзе, што міліцыянты ўначы не выкідалі затрыманую жанчыну ў лесе, а выпусьцілі яе з участку. А кайданкі ёй сапраўды надзелі, але пасьля прынамсі пяці законных патрабаваньняў праехаць на мэдычныя агледзіны.

19 жніўня менская юрыстка распавяла Свабодзе пра сваё жорсткае начное затрыманьне ў Гатаве.

У той жа дзень у Мачулішчанскім аддзеле міліцыі Свабодзе сказалі, што жанчыны з такім імем і прозьвішчам у іх не было. Але 20 жніўня прадстаўнікі УУС Менскага аблвыканкаму прадставілі сваю вэрсію інцыдэнту ў Мачулішчанскім аддзеле міліцыі.

Вэрсія міліцыі

Увечары ў 22.50 у міліцыю паступіла скарга ад жыхаркі шматкватэрнага дома ў Гатаве, што ў суседняй кватэры гучная музыка і шум. Суседка спачатку прасіла кампанію зрабіць музыку цішэй, але ў адказ, кажуць міліцыянты, пачула абразы: жанчына, якая ўступіла ў канфлікт, казырала тым, што яна сама юрыстка.

Калі прыехала міліцыя, кампанія ўжо разыходзілася. Жанчына, кажуць міліцыянты, адмовілася назваць сваё імя, груба выказалася на адрас міліцыі. Ёй прапанавалі праехаць у Мачулішчанскі аддзел міліцыі для разбору і высьвятленьня асобы — жанчына прадстаўлялася юрысткай, але адмаўлялася назваць сябе. Разам зь сястрой і яе мужам яны самі паехалі ў міліцыю, прычым спакойна, без супраціву. Там жанчына ўрэшце вымушаная была назваць сябе. Паколькі кампанія знаходзілася нападпітку, усім прапанавалі праехаць на мэдычныя агледзіны. Жанчына катэгарычна адмовілася.

«Паводле рапартаў міліцыянтаў, пяць разоў яе прасілі праехаць. Пасьля пятага папярэджаньня і непадпарадкаваньня супрацоўнікі былі вымушаныя выкарыстаць фізычную сілу, жанчыне надзелі на рукі кайданкі. А пасьля наведваньня мэдустановы было вырашана яе адпусьціць. Жанчыну зноў даставілі ва ўчастак, аддалі асабістыя рэчы і тэлефон і папрасілі пакінуць памяшканьне.

Але жанчына запатрабавала даставіць яе на службовай машыне дадому. Міліцыя ж ня служба таксі. Урэшце сястра вывела жанчыну літаральна за руку з участку. Ні ў які лес яе не вывозілі.

Жанчына правакавала міліцыянтаў, каб яе затрымалі, скандаліла, казырала сваёй службовай пасадай, пагражала паведаміць адвакату, журналістам», — кажа Сяргей Басько.

Афіцыйны прадстаўнік Менскай абласной міліцыі паведаміў, што ёсьць некалькі відэа, як жанчына размаўляе з супрацоўнікамі міліцыі, як яе дастаўляюць без кайданкоў у Мачулішчанскі аддзел, як у кайданках вязуць у мэдустанову, як яе выпусьцілі з будынка міліцыі. Пры гэтым у яе сваякоў быў тэлефон, яны разам кудысьці тэлефанавалі.

Распачата адміністрацыйная справа. Менскім РУУС праводзіцца праверка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG