Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінца асудзілі ў Расеі за ўдзел у «Правым сэктары»


Вайсковая база дабраахвотніцкага корпусу «Правага сэктару» на Данбасе
Вайсковая база дабраахвотніцкага корпусу «Правага сэктару» на Данбасе

Грамадзяніна Ўкраіны Рамана Тарноўскага асудзілі на два гады і тры месяцы калёніі за «ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці», паведамляе Сьледчы камітэт Расеі.

Расейскі суд прыйшоў да высновы, што Тарноўскі ў 2015-2016 гадах вырабляў і распаўсюджваў ва Ўкраіне атрыбутыку арганізацыі «Правы сэктар», забароненай у Расеі.

Таксама яго абвінавацілі ў датычнасьці да акцыі «Мядзьвежая блякада» у лютым 2016 году — тады актывісты «Правага сэктару» блякавалі праезд расейскіх фур па тэрыторыі Ўкраіны. Пазьней урад Украіны замацаваў валянтэрскую ініцыятыву на заканадаўчым узроўні.

Акрамя таго, Тарноўскі нібыта далучыўся да зрыву мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню Расеі 12 чэрвеня 2016 году ў генэральным консульстве Расеі ў Харкаве.

У сувязі з гэтым Тарноўскага абвінавацілі ў «парушэньні наяўных паміж Украінай і Расеяй дамоўленасьцей аб сяброўстве, супрацоўніцтве і партнэрстве».

Пры гэтым у самім «Правам сэктары» заявілі, што Тарноўскі быў прыхільнікам арганізацыі, аднак, паводле дадзеных яе прадстаўніка Арцёма Скарападзкага, не ўваходзіў у яе афіцыйна.

Летась у кастрычніку Сьледчы каміэт Расеі паведамляў, што Тарноўскі быў затрыманы ў Растоўскай вобласьці Расеі. Не паведамлялася, як і для чаго ён туды трапіў.

Тэрмін зьняволеньня Тарноўскі будзе адбываць у калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG