Грамадзкая рада пры расейскім МУС ініцыявала праверку канцэртнай дзейнасьці латыскай сьпявачкі Лаймы Вайкуле на тэрыторыі Расеі на прадмет яе адпаведнасьці расійскім законам.
Як расказаў РБК кіраўнік рабочай групы пры радзе па пытаньнях злачыннасьці ў сфэры эканомікі Аляксандар Хамінскіх, «праверка будзе праведзеная ня толькі ў дачыненьні да Вайкуле, але і іншых замежных артыстаў, якія прыяжджаюць да нас з гастролямі».
Ён адзначыў, што артысты часта заяжджаюць у Расею па шматразовай турыстычнай візе, каб выступіць на карпаратыўных камэрцыйных мерапрыемствах, тым часам як для такіх выступаў ім патрэбная рабочая віза, а за незаконны выступ у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Маскоўскай або Ленінградзкай абласьцях парушальнікаў належыць высылаць з краіны.
Пры гэтым Хамінскіх так і ня здолеў назваць прозьвішчы іншых, акрамя Вайкуле, замежных артыстаў, якіх будзе правяраць ведамства.
Раней Лайма Вайкуле, адказваючы на прэс-канфэрэнцыі ў Адэсе на пытаньне «калі б вам прапанавалі наведаць з гастролямі Крым, вы б пагадзіліся?», сказала: «Не. Нам забаронена. Нам, эўрапейцам. Я туды не паеду, які б ганарар мне ні прапаноўвалі».
Таксама Вайкуле заявіла, што ў яе «няма і ня можа быць настальгіі па СССР» і яна «шчасьлівая, што ўсё гэта разбурылася».