Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаў новым кіраўніком Аршанскага раёну. Папярэдняга Лукашэнка звольніў падчас «разносу» ўраду


Аляксандар Лукашэнка ў час нарады па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну, 14 жніўня

Падчас візыту ў Воршу Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку двух міністраў і старшыню Аршанскага райвыканкаму Аляксандра Пазьняка, якія «падмочваюць аўтарытэт прэзыдэнта» ды «займаюцца сабатажам». І калі «звольненыя» на словах міністры пакуль выконваюць свае абавязкі, новым кіраўніком Аршанскага раёну прызначаны 49-гадовы Ігар Ісачэнка. Свабода сабрала асноўныя факты пра чыноўніка.

Папярэдні старшыня раёну пратрымаўся 1 год

Ігар Ісачэнка прызначаны старшынём Аршанскага райвыканкаму замест Аляксандра Пазьняка, які адпрацаваў на гэтай пасадзе ўсяго толькі 1 год.

Аляксандар Пазьняк быў пастаўлены на кіроўную пасаду, каб выканаць загад Лукашэнкі, сфармуляваны як «падняць Воршу з руін і попелу». Інакш кажучы, каб наладзіць эфэктыўную працу прамысловых прадпрыемстваў, падвысіць заробкі ды ліквідаваць беспрацоўе, ад якога аршанцы масава зьяжджаюць у суседнюю Расею. Але за год нічога зьмяніць не ўдалося.

Аршанцы адзначаюць павагу і тактоўнасьць былога старшыні райвыканкаму ў зносінах зь людзьмі. Два месяцы таму ён паабяцаў усталяваць шыльду ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і асабіста наведаў месца расстрэлу на Кабыляцкай гары — першым зь мясцовых кіраўнікоў за 25 год.

Новы кіраўнік: скончыў вайсковую акадэмію, кіраваў камітэтам архітэктуры

Ігар Ісачэнка нарадзіўся ў 1969 годзе ў Лёзьне. Скончыўшы школу, паступіў у Кіеўскую вышэйшую вайсковую вучэльню. Па разьмеркаваньні трапіў у вайсковую частку Заслонава на Лепельшчыне, потым служыў у Полацку і скончыў кар’еру штатнага вайскоўца на пасадзе начальніка штабу зэнітна-ракетнага дывізіёну.

Ігар Ісачэнка
Ігар Ісачэнка

Першая пасада Ігара Ісачэнкі «на гражданцы» — майстар на полацкай газанапаўняльнай станцыі. Неўзабаве ён стаў яе дырэктарам. А потым, паводле слоў самога Ісачэнкі, яго «заўважыла абласное кіраўніцтва». Яго прызначылі дырэктарам «Віцебскгазу», потым дырэктарам «Віцебскаблводаканалу», а ў 2014-м чыноўнік узначаліў камітэт архітэктуры і будаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму. У гэтай якасьці адпрацаваў апошнія 4 гады, ня маючы адпаведнай адукацыі.

Стаў дэпутатам, каб зрабіць «Дажынкі»

Ігар Ісачэнка — дэпутат Віцебскага абласнога савету 27 і 28 скліканьня. Першы раз ён выбіраўся ў Віцебску, а другі — у Верхнядзьвінскай выбарчай акрузе № 3. Сваё жаданьне балятавацца менавіта там ён патлумачыў жаданьнем актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да абласных «Дажынак», якія сёлета маюць адбыцца ў Верхнядзьвінску.

Адно зь першых дэпутацкіх абяцаньняў Ігара Ісачэнкі было наконт рэканструкцыі аўтамабільнага моста ў Верхнядзьвінску. Але мост па-ранейшаму зь дзіркамі, і праход людзей па ім забаронены. У пляны добраўпарадкаваньня да чарговых «Дажынак» гэты абʼект так і ня трапіў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG