Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дайвэр судзіцца зь дзяржаўнай інспэкцыяй наконт рыбалоўных сетак у гаспадарцы Шэймана


Дайвэр Васіль Бельмач

Фрунзенскі суд Менску не задаволіў скаргу дайвэра Васіля Бельмача на дзеяньні Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Беларусі. Пазоўнік накіраваў касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

Былы старшы памочнік Беларускага вайсковага пракурора пэнсіянэр Васіль Бельмач цягам многіх гадоў займаецца дайвінгам. У ліпені 2017-га ён плаваў у Менскім раёне на возеры Гайдукоўка, якое знаходзіцца ў бязвыплатным карыстаньні дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Краснасельскае» Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (кіраўнік спраў прэзыдэнта — шматгадовы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман. — РС). На глыбіні каля чатырох мэтраў Васіль Бельмач заблытаўся ў рыбалоўнай сетцы і вымушаны быў пашкодзіць яе, каб уратаваць сваё жыцьцё.

Дзьве сеткі па 40 мэтраў былі аб’яднаныя ў адну. Даўжыня сеткі складала 80 мэтраў.

Гаспадарка «Краснасельскае» спагнала праз суд у Васіля Бельмача 30 рублёў для пакрыцьця нанесеных стратаў. У сваю чаргу, Бельмач выявіў шэраг парушэньняў, якія, як ён піша ў скарзе ў суд, даюць падставы казаць пра «незаконнае рыбалоўства, браканьерства».

21 траўня 2018 году ён заявіў пра гэта ў Дзяржаўную інспэкцыю аховы жывёльнага і расьліннага сьвету. Начальнік дзяржінспэкцыі Юры Церцель адказаў Васілю Бельмачу, што ДЛГУ «Краснасельскае» нічога не парушыла і законна выкарыстала сеткі, набытыя ў індывідуальнага прадпрымальніка Лісіцы з Паставаў.

Васіль Бельмач падаў у суд на дзяржінспэкцыю, патрабуючы прызнаць незаконнымі дзеяньні яе начальніка Юрыя Церцеля.

«Ніводзін з маіх довадаў не абвергнуты»

Фрунзенскі суд Менску не задаволіў скаргу Васіля Бельмача і вынес рашэньне, паводле якога «довады пра тое, што дзяржінспэкцыя схавала факты дапушчаных правапарушэньняў з боку ІП Лісіца і ДЛГУ „Краснасельскае“, беспадстаўныя».

Суд не задаволіў хадайніцтвы пазоўніка.

Падчас выступу ў судзе Васіль Бельмач заявіў, што дзяржінспэкцыя, маўляў, пакрывае браканьерства ў гаспадарцы «Краснасельскае».

«Ніводзін з маіх довадаў не абвергнуты. Довады прадстаўніка інспэкцыі галаслоўныя і абстрактныя. Незаконныя дзеяньні спрыяюць разьвіцьцю браканьерства ў Беларусі», — сказаў Васіль Бельмач.

Васіль Бельмач
Васіль Бельмач

Начальнік аддзелу прававога забесьпячэньня дзяржінспэкцыі Валеры Раманоўскі сказаў, што ня бачыць парушэньняў з боку Лісіцы і ДЛГУ «Краснасельскае» і адхіляе скаргу Васіля Бельмача ў поўным аб’ёме.

«Дзяржінспэкцыя маркіравала сеткі, што на 10 мэтраў меншыя за дазволеныя»

У касацыйнай скарзе Васіль Бельмач аспрэчвае рашэньне Фрунзенскага суду і настойвае, што ДЛГУ «Краснасельскае» займалася незаконным рыбалоўствам (браканьерствам). Са спасылкай на канкрэтныя заканадаўчыя акты дайвэр і юрыст даводзіць:

  • у гаспадаркі адсутнічаў дакумэнт, які пацьвярджаў аплату рыбалоўных сетак (мелася толькі таварна-транспартная накладная, якая ня можа падмяняць сабой плацёжнае даручэньне). Гэта, на яго думку, сьведчыць пра незаконнае маркіраваньне сетак;
  • паводле пастановы Мінсельгасхарчу ад 4 лістапада 2014 году № 51 для прамысловага лову рыбы дазволеныя сеткі 50–75 мэтраў. У дадзеным выпадку сетка была даўжэйшая за дазволеную на 5 мэтраў. Таксама дзяржінспэкцыя маркіравала сеткі па 40 мэтраў, што на 10 мэтраў менш за дазволеную даўжыню.
  • знаходжаньне ў вадзе сродкаў лову рыбы не павінна перавышаць 20 гадзін, тым часам прадстаўнікі дзяржінспэкцыі цьвердзяць, што законам такога абмежаваньня не прадугледжана.
  • індывідуальны прадпрымальнік Лісіца прадаў сеткі ДЛГУ «Краснасельскае» незаконна. Бо рашэньне Віцебскага аблвыканкаму аб пераліку юрыдычных асобаў і ІП, якія могуць прадаваць рыбалоўныя сеткі, не праходзіла юрыдычнай экспэртызы ў Міністэрстве юстыцыі і не публікавалася, таму ня мае юрыдычнай сілы.

«Яны вырашылі мне закампастараваць мазгі, як чалавеку, які ня ведае заканадаўства»

Васіль Бельмач патлумачыў карэспандэнту Свабоды, чаму падаў апэляцыю на рашэньне Фрунзенскага суду.

«Кожнае рашэньне суду першай інстанцыі павінна грунтавацца на матэрыяльнай норме права. У гэтым выпадку рашэньне суду грунтуецца на незразумелых, невядомых мне лістах, зьмест якіх не дасьледаваўся падчас пасяджэньня. Зь якіх гэта часоў ліставаньне мае сілу нарматыўнага акта? Не прыведзена ніводнай нормы матэрыяльнага права. Судзьдзі далі каманду зьверху», — сказаў Васіль Бельмач.

Ён кажа, што ДЛГУ «Краснасельскае» прымяняла сеткі незаконнай даўжыні, што ў народзе называецца браканьерствам.

Ёсьць указ прэзыдэнта, дык чаму для суду ён не зьяўляецца ўказам?

«Прэзыдэнт кажа адно. Ёсьць указ прэзыдэнта, дык чаму для суду ён не зьяўляецца ўказам? Яны вырашылі мне закампастараваць мазгі, як чалавеку, які ня ведае заканадаўства. Але ім трапіўся юрыст, і я прывёў поўны доказ незаконнага рыбалоўства. А ім пастаўлена мэта — схаваць факт браканьерства дзяржаўнай арганізацыяй, тым больш кіраўніцтва спраў прэзыдэнта», — сказаў Васіль Бельмач.

Ён кажа, што ня спыніцца і аддасьць гэту справу шырокай агалосцы. А вінаватыя ў незаконных дзеяньнях павінны быць прыцягнуты да адказнасьці.

«Факт хаваньня браканьерства ў наяўнасьці. Але я не баюся і пайду ў гэтым пытаньні да канца», — кажа Васіль Бельмач.​

Дайвэр Васіль Бельмач
Дайвэр Васіль Бельмач

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG