Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дайвэр цьвердзіць, што заблытаўся ў браканьерскай сетцы ў гаспадарцы Шэймана


Васіль Бельмач

9 жніўня ў Фрунзенскім судзе Менску будзе разглядацца скарга Васіля Бельмача на дзеяньні Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Беларусі.

​Былы старшы памочнік Беларускага вайсковага пракурора пэнсіянэр Васіль Бельмач цягам многіх гадоў займаецца дайвінгам. У ліпені 2017-га ён плаваў у Менскім раёне на возеры Гайдукоўка, якое знаходзіцца ў бязвыплатным карыстаньні дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Краснасельскае». На глыбіні каля чатырох мэтраў Васіль Бельмач заблытаўся ў рыбалоўнай сетцы.

«Я пашкодзіў сетку, каб застацца ў жывых»

Ён кажа, што сетка была абазначана з аднаго боку кавалкам белага пенаплясту, а на другім баку нічога не было, што ён лічыць парушэньнем заканадаўства.

«Глыбіня недзе тры з паловай мэтры. Я больш за хвіліну быў пад вадой; усплываючы, трапіў у гэтую сетку. Каб выжыць, я вымушаны быў ірваць на сабе гэту сетку, а потым дастаць нож і рэзаць яе. Пры ўсплываньні наверх у мяне наступіла асфіксія, я практычна страціў прытомнасьць. Мой сябар стаяў на беразе і ўсё бачыў», — расказаў Васіль Бельмач карэспандэнту Свабоды.

Васіль Бельмач
Васіль Бельмач

«Краснасельскае» прад’явіла Бельмачу пазоў

У сваю чаргу ДЛГУ «Краснасельскае» Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта прад’явіла Васілю Бельмачу пазоў аб пакрыцьці ім кошту пашкоджаных сетак — 30 рублёў. Маўляў, дайвэр не спытаў дазволу пашкодзіць сетку.

«Але як я мог, аблытаны сеткай, практычна трацячы прытомнасьць, прасіць даволу ў дзяжурнага егера, які знаходзіцца за 500 мэтраў у дзяжурным дамку? Гэта што, нармальна? Гэты пазоў я ў судзе прайграў, бо змагацца супраць дзяржаўнай арганізацыі практычна немагычма», — кажа Васіль Бельмач.

«Гэта браканьерства»

Аднак, высьвятляючы ўсе абставіны ўстаноўкі сеткі, Васіль Бельмач прыйшоў да высновы, што яна была браканьерская. Ён знайшоў шэраг парушэньняў заканадаўства.

«Маючы досьвед пракурорскай працы, я пераканаўся, што дзьве сеткі па 40 мэтраў былі абʼяднаныя ў адну. Даўжыня сеткі складала 80 мэтраў. Згодна з пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня № 51, для выкарыстаньня дазволеныя сеткі даўжынёй ад 50 да 75 мэтраў. А згодна з указам № 580, недазволеныя прылады рыбалоўства — гэта браканьерства. Далей, сеткі знаходзіліся ў вадзе больш за адны суткі, хоць, згодна з гэтай жа пастановай Мінсельгасхарчу № 51, знаходжаньне сетак у вадзе не павінна перавышаць 20 гадзін. Калі сетка знаходзіцца больш, то ідзе замор рыбы», — кажа Васіль Бельмач.

Таксама Васіль Бельмач высьветліў, што сеткі былі набытыя ў індывідуальнага прадпрымальніка з Паставаў. І зноў жа з парушэньнямі заканадаўства, кажа ён.

«Дзяржінспэкцыя пакрывае лясьніцтва Кіраўніцтва справамі»

Свае высновы Васіль Бельмач накіраваў у Дзяржаўную інспэкцыю аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Беларусі. Адказ яму даслаў начальнік інспэкцыі Юры Церцель, які ня ўбачыў парушэньняў. Васіль Бельмач, які не пагадзіўся з высновамі дзяржінспэкцыі, накіраваў скаргу ў суд.

«Ёсьць закон, нарматыўныя дакумэнты, але яны ня дзейнічаюць адносна дзяржаўнага прадпрыемства. Гэта ж лясьніцтва, якое ўваходзіць у гаспадарку Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Гэта ж Віктар Шэйман (кіраўнік справамі прэзыдэнта Беларусі. — РС), да якога я стаўлюся з павагай. Але як гэта так — структурнае падразьдзяленьне Кіраўніцтва справамі арганізавала браканьерства і цяпер інспэкцыя пакрывае?», — гаворыць Васіль Бельмач.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG