Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сянцова вязуць у самалёце, — расейская журналістка Іўлева


Алег Сянцоў 9 жніўня
Алег Сянцоў 9 жніўня

Зьняволенага ў Расеі ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, магчыма, вызвалілі, і ён ўжо ў самалёце. Пра гэта напісала у Facebook расейская журналістка Вікторыя Іўлева, якая актыўна асьвятляла справу Сянцова.

«Алег, здаецца, уратаваны! А 23.00 самалёт зь ім вылецеў з Салехарду. Спадзяюся, наступны прыпынак — Кіеў. Усё!» — напісала яна.

Пра гэта паведаміў таксама Мікалай Леўшыц — кіраўнік праекту падрыхтоўкі назіральнікаў штабу Аляксея Навальнага, пра што піша яшчэ адна журналістка Маша Слонім.

Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі пакуль няма. Адвакат Алега Сянцова Дзьмітры Дзінзэ таксама не паведамляе пра вызваленьне ўкраінскага рэжысэра.

Сястра Сянцова Натальля Каплан напісала ў Фэйсбуку, што на гэты момант ня можа ні пацьвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю пра вылет брата.

* * *

Алег Сянцоў, украінец і жыхар Крыму, быў затрыманы расейскімі спэцслужбамі ў траўні 2014 году. У жніўні 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яго да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. Сянцоў сваю віну не прызнаў і на працэсе заяўляў, што яго катавалі. Тэрмін ён адбывае ў калёніі ў горадзе Лабытнангі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай вобласьці.

14 траўня сёлета Сянцоў абвясьціў аб пачатку галадоўкі і запатрабаваў вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах. Расейскія ўлады ніяк не адрэагавалі на яго патрабаваньні. Сянцоў неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць галадоўку «да канца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG